Выслоўі 1

1 Выслоўі Саламона, сына Давідавага, цара Ізраільскага.

2 Каб спазнаць мудрасьць і настаўленьне, зразумець разумныя выслоўі;

3 засвоіць правілы добрай разважлівасьці, справядлівасьці, права і слушнасьці;

4 прастадушным даць кемнасьць, юнаку - веды і разважлівасьць;

5 паслухае мудры і памножыць веды, і разумны знойдзе мудрыя парады;

6 каб разумець выслоўе і загадкавую мову, словы мудрацоў і загадкі іхнія.

7 Пачатак мудрасьці - страх Гасподні; толькі дурні пагарджаюць мудрасьцю і настаўленьнем.

8 Слухай, сыне мой, настаўленьне бацькі твайго, і не адкідай запавету маці тваёй:

9 бо гэта - прыгожы вянок на галаву тваю і акраса на шыю тваю.

10 Сыне мой! калі цябе будуць намаўляць грэшнікі, не згаджайся.

11 Калі будуць казаць: "ідзі з намі, зробім засаду на кроў, падпільнуем бязгрэшнага і бязьвіннага,

12 жывых праглынем іх, як апраметная, і - цэлых, як тых, што ў магілу сыходзяць;

13 набяром усякага каштоўнага дабра, напоўнім дамы нашыя здабычаю;

14 далучы сваю долю да нашай, складка адна будзе на ўсіх нас":

15 Сыне мой! не хадзі адною дарогаю зь імі, утрымай нагу тваю ад сьцежкі іхняй,

16 бо іхнія ногі бягуць да ліхога і сьпяшаюцца кроў праліваць.

17 На вачах ва ўсіх птушак дарма раскідаецца сетка;

18 а яны кроў сваю сочаць, засады ладзяць на душы свае.

19 Такія дарогі ва ўсіх, хто прагне чужога дабра: яно забірае жыцьцё ў свайго ўласьніка.

20 Мудрасьць кліча на вуліцах, на плошчах узносіць свой голас,

21 на шумных сходах прапаведуе, каля гарадское брамы прамаўляе слова сваё:

22 "Дакуль, немысьлі, любіцьмеце невуцтва? дакуль пакепнікі будуць кепствам цешыцца? дакуль бязглуздыя будуць ненавідзець навуку?

23 паслухайце маёй засьцярогі: вось, я вылью на вас Духа майго, абвяшчу вам словы мае.

24 Я клікала, а вы не паслухаліся; я падавала руку маю, і ніхто не зважаў;

25 і вы адкінулі ўсе мае рады, і перасьцярогаў маіх не прынялі:

26 за тое і я пасьмяюся з вашай пагібелі; парадуюся, калі прыйдзе ваш страх;

27 калі прыйдзе ваш страх, як бура, і няшчасьце, як віхура, наляціць на вас; калі спадобіць вас нядоля і ўціск.

28 Тады будуць клікаць мяне, і я не пачую.

29 За тое, што зьненавідзелі веды і ня выбралі страху Гасподняга,

30 не схацелі парады маёй, пагардзілі ўсімі перасьцярогамі маімі;

31 за тое няхай ядуць яны з плоду дарог сваіх і насычаюцца з парадаў сваіх.

32 Бо адступніцтва неразумных заб'е іх, і бястурботнасьць немысьляў загубіць іх.

33 А хто мяне слухае, будзе жыць у бясьпецы і спакойна, не баючыся ліха".

Выслоўі 2

1 Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе запаведзі мае,

2 і вуха сваё прыхіліш да мудрасьці і прытуліш сэрца тваё да разважлівасьці,

3 калі будзеш клікаць да ведаў і зьвяртацца да розуму;

4 калі будзеш шукаць яго, нібы срэбра, і знаходзіць яго, нібы скарб:

5 тады ўразумееш страх Гасподні і знойдзеш спазнаньне Бога.

6 Бо Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго - веды і розум;

7 Ён дае праведным выратаваньне; Ён - шчыт тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.

8 Ён ахоўвае дарогу праўды і асланяе сьцежку сьвятых Сваіх.

9 Тады ты зразумееш справядлівасьць і права і шчырасьць, усялякую сьцежку дабра.

10 Калі мудрасьць увойдзе ў сэрца тваё, і веды будуць прыемныя душы тваёй:

11 тады разважлівасьць будзе берагчы цябе, розум будзе ахоўваць цябе,

12 каб адвесьці цябе ад дарогі ліхое, ад чалавека, які гаворыць няпраўду,

13 ад тых, што пакідаюць дарогі простыя, каб хадзілі дарогамі цемры;

14 ад тых, што радуюцца, робячы ліхое, захапляюцца ліхою распустай,

15 у якіх дарогі крывыя і якія блукаюць па сьцежках сваіх;

16 каб уратаваць цябе ад жонкі другога, чужой, якая злагоджвае словы свае,

17 якая пакінула сябра маладосьці сваёй і занядбала запаведзь Бога свайго.

18 Дом яе вядзе да сьмерці, і сьцежкі яе - да мёртвых;

19 ніхто, увайшоўшы да яе, не вяртаецца і ня ступае на дарогу жыцьця.

20 Таму хадзі дарогаю добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,

21 бо праведныя будуць жыць на зямлі, і беспахібныя застануцца на ёй;

22 а бязбожныя будуць вынішчаны зь зямлі, і няверныя выкарчаваны зь яе.

Выслоўі 3

1 Сыне мой! навукі маёй не забывай, і запаведзі мае хай захоўвае сэрца тваё;

2 бо даўжыні дзён, гадоў жыцьця і міру яны памножаць табе.

3 Літасьцівасьць і праўда хай не пакідаюць цябе; абвяжы імі шыю тваю, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго:

4 і здабудзеш мудрасьць і ласку ў вачах Бога і людзей.

5 Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не кладзі надзеі на розум твой.

6 На ўсіх дарогах тваіх спазнавай Яго, і Ён выпрастуе шляхі твае.

7 Ня будзь мудрацом у вачах тваіх; бойся Госпада, і пазьбягай ліха;

8 Гэта будзе здароўе целу твайму і ежа касьцям тваім.

9 Шануй Госпада ад імя твайго і ад пачаткаў усіх прыбыткаў тваіх;

10 і напоўняцца засекі твае зь верхам, і чавільні твае будуць налівацца новым віном.

11 Пакараньня Гасподняга, сыне мой, не адхіляй, і ня лічы за лішніцу перасьцярогі Ягоныя;

12 бо, каго любіць Гасподзь, таго карае і дабра зычыць таму, як бацька сыну свайму.

13 Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум!

14 Бо здабываньне яе лепшае за здабываньне срэбра, і прыбытку зь яе больш, чым ад золата.

15 Яна даражэйшая за каштоўныя камяні; і нішто з таго, што жадана табе, не зраўняецца зь ёю.

16 Даўгадзённасьць у правіцы ў яе, а ў лявіцы багацьце і слава;

17 шляхі яе - шляхі прыемнасьці, і ўсе сьцежкі яе - мірныя.

18 Яна - дрэва жыцьця тым, што называюць яе, - і шчасныя тыя, што маюць яе!

19 Гасподзь мудрасьцю ўтварыў зямлю, нябёсы паставіў розумам;

20 Яго мудрасьцю адчыніліся бездані, і воблакі кропяць расою.

21 Сыне мой, ня ўпускай з вачэй тваіх гэтага; захоўвай здаровае мысьленьне і разважлівасьць:

22 і яны будуць жыцьцём душы тваёй і акрасаю шыі тваёй.

23 Туды бясьпечна пойдзеш шляхам тваім і нага твая не спатыкнецца.

24 Калі ляжаш спаць, ня будзеш баяцца; і як засьнеш, сон твой салодкі будзе.

25 Не збаішся раптоўнага страху і пагібелі ад бязбожных, калі яна прыйдзе;

26 бо Гасподзь будзе надзеяй тваёй і ўтрымае нагу тваю ад пасткі.

27 Не адмаўляйся рабіць дабро, калі яно трэба, калі рука твая можа зрабіць гэта.

28 Не кажы сябру твайму: "ідзі і прыйдзі зноў, і заўтра я дам", калі маеш з сабою.

29 Не намышляй супроць блізкага твайго ліха, калі ён бясьпечна жыве з табою.

30 Не сварыся з чалавекам бяз прычыны, калі ён не зрабіў табе благога.

31 Не зайздросьці посьпехам гвалтаўніка і не бяры сабе за прыклад шляхі ягоныя,

32 бо Гасподзь грэбуе тым, хто распусны, а справядлівага даверам Сваім адарае.

33 Праклён Гасподні на дом бязбожніка, а дом пабожнага Ён дабраслаўляе.

34 Калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату.

35 Мудрыя спадкуюць славу, а непапраўныя немысьлі - ганьбу.

Выслоўі 4

1 Слухайце, дзеці, настаўленьня бацькавага, і зважайце, каб навучыцца розуму;

2 бо я дам вам добрую навуку. Не адкідайце наказу майго.

3 Бо і я быў сын у бацькі майго, пяшчотна любімы і адзіны ў маці маёй.

4 І ён вучыў мяне і казаў мне: хай будуць у сэрцы тваім словы мае; захоўвай наказы мае і жыві.

5 Здабывай мудрасьць, набывай розум; не забывай гэтага і ня цурайся слоў маіх, а кіруйся імі!

6 Не адкідай яе, і яна будзе ахоўваць цябе; любі яе, і яна будзе цябе берагчы.

7 Аснова мудрасьці: набывай мудрасьць і за ўсё, што маеш, набывай розум.

8 Высока цані яе, і яна ацэніць цябе; яна акрые славай цябе, калі ты прыгорнеш яе;

9 ускладзе на галаву тваю прыгожы вянок, падаруе табе цудоўны вянок.

10 Слухай, сыне мой, і прымі словы мае, - і памножацца гады твайго жыцьця.

11 Я паказваю табе шлях мудрасьці, вяду цябе па сьцежках простых.

12 Калі пойдзеш, крокам тваім ня будзе завады, і калі пабяжыш, не спатыкнешся.

13 Моцна трымайся наказу, не адкідай, захоўвай яго; бо ён - жыцьцё тваё.

14 Ня выходзь на сьцежку бязбожнікаў, і не хадзі па дарозе ліхіх;

15 пакінь яе, не хадзі ёю, ухіляйся ад яе і праходзь міма.

16 бо яны не заснуць, пакуль ня ўчыняць ліхога; прападзе сон у іх, пакуль яны не давядуць каго да падзеньня;

17 бо яны ядуць хлеб беззаконьня і п'юць віно рабунку.

18 Сьцежка праведных - як сьвяціла прамяністае, якое болей і болей сьвятлее да поўнага дня.

19 А шлях бязбожных - як цемра; яны ня ведаюць, на што спатыкнуцца.

20 Сыне мой! слоў маіх слухайся, і да прамоваў маіх нахілі тваё вуха;

21 хай не адыдуць яны ад вачэй тваіх; захоўвай іх усярэдзіне сэрца твайго:

22 бо яны жыцьцё таму, хто знайшоў іх, і ацаленьне ўсяму яго целу.

23 Больш за ўсё запаветнае захоўвай сэрца тваё; бо ў ім - крыніца жыцьця.

24 Адкінь ад сябе ілжывасьць вуснаў, і круцельства языка адхісьні ад сябе.

25 Вочы твае хай наперад глядзяць, і позірк твой хай скіраваны будзе перад табою.

26 Абдумай сьцежку назе тваёй, і ўсе дарогі твае хай будуць пэўныя.

27 Ня ўхіляйся ні направа, ні налева; адвядзі нагу тваю ад ліхога.

Выслоўі 5

1 Сыне мой! слухай мудрасьці маёй і нахілі вуха тваё да навукі маёй,

2 каб датрымацца добрае рады і каб вусны твае хвалілі спазнанае.

3 Бо мёд цячэ з вуснаў чужое жонкі, і мякчэйшая за алей гаворка ў яе;

4 але весьнік яе горкі, нібы палын, востры, як меч двусечны,

5 ногі яе сыходзяць да сьмерці, ступакі яе дастаюць да апраметнай.

6 Каб ты не спасьцігнуў сьцежкі жыцьця яе, дарогі яе нясталыя, і ты ня зьведаеш іх.

7 Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і не адступайцеся ад словаў вуснаў маіх.

8 Далей ад яе ідзі па дарозе тваёй і не падыходзь пад дзьверы дома яе,

9 каб здароўя твайго не аддаў іншым і гадоў тваіх бязьлітасьніку;

10 каб не насычаліся сілаю тваёю чужынцы і праца твая ня ішла ў чужы дом.

11 І ты ўрэшце будзеш стагнаць, калі плоць твая і цела зьнямогуцца,

12 і скажаш: "навошта я ненавідзеў навуку, і сэрца маё асьцярогамі пагарджала,

13 і я ня слухаў голасу настаўнікаў маіх, не нахіляў вуха майго да настаўнікаў?

14 Ледзь ня ўпаў я ў вялікае ліха сярод сходу і грамады!"

15 Пі ваду з тваёй крыніцы, тую, якая цячэ з тваёй студні.

16 Хай не разьліваюцца крыніцы твае па вуліцы, патокі водаў - па плошчах;

17 хай яны будуць належаць табе самому, а ня чужым з табою.

18 Крыніца твая хай дабраславёная будзе; і радуйся з жанчынай тваёй маладосьці,

19 любаснаю касуляю і прыгожаю сарнаю; грудзі яе хай упояць цябе ў кожны час; каханьнем яе цешся заўсёды.

20 І навошта табе, сыне мой, захапляцца распусьніцаю і абдымаць грудзі чужое?

21 Бо перад вачыма Госпада ўсе шляхі чалавека, і Ён прастуе ўсе сьцежкі яго.

22 Беззаконнага ловяць уласныя беззаконьні яго, і путамі грэху свайго ён павязаны.

23 Ён памірацьме без настаўленьня і ў вялікай сваёй неразумнасьці наблукаецца.

Выслоўі 6

1 Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога,

2 і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх,

3 зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго;

4 не давай сну вачам тваім і дрымоты вейкам тваім;

5 ратуйся, як сарна з рукі, і як птушка з рукі птушкалова,

6 падыдзі да мурашкі, гультаю, паглядзі на шляхі яе, і будзь мудры.

7 Няма ў яе ні валадара, ні прыстаўленага, ані ўпраўцы;

8 а яна рыхтуе летам свой хлеб, зьбірае ў час жніва пракорм свой.

9 Дакуль ты, гультаю, будзеш ляжаць? калі ты ўстанеш ад сну твайго?

10 Крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху склаўшы рукі паляжыш:

11 і прыйдзе, нібы валацуга, беднасьць твая, і галеча твая, як разбойнік.

12 Чалавек падступны, чалавек бязбожны ходзіць зь ілжывымі вуснамі,

13 міргае вачыма сваімі, гаворыць нагамі сваімі, дае знакі пальцамі сваімі;

14 хітрына ў сэрцы ў яго, ён намышляе ліхое ва ўсякі час, сее разлад.

15 Таму зьнянацку прыйдзе пагібель яго, раптам будзе разьбіты - без ацаленьня.

16 Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, - агіда душы Яго:

17 вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў,

18 сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства,

19 ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі.

20 Сыне мой! захоўвай запаведзі бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй;

21 навяжы іх назаўсёды на сэрца тваё, абвяжы імі шыю тваю.

22 Калі ты пойдзеш, яны накіруюць цябе; калі ляжаш спаць, будуць ахоўваць цябе; калі прачнешся, гутарыць будуць з табою:

23 бо запаведзь ёсьць сьветач, а навука - сьвятло, і павучальныя наказы - дарога жыцьця,

24 каб засьцерагчы цябе ад зласьлівай жанчыны, ад лісьлівага языка чужынкі.

25 Не пажадай хараства яе ў сэрцы тваім, і хай не завабіць яна цябе вейкамі сваімі;

26 бо жанчыне распуснай даюць кавалак хлеба; а замужняя жанчына палюе на дарагую душу.

27 Хто можа ўзяць агонь запазуху, каб не прагарэла адзежа яго?

28 Хто можа хадзіць па распаленым вугольлі, каб не апаліць ног сваіх?

29 Тое самае бывае і з тым, хто ўваходзіць да жонкі блізкага свайго; хто дакранецца да яе, не застанецца бязь віны.

30 Не патураюць злодзею, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны;

31 але злоўлены, ён заплаціць у сем разоў, аддасьць усю маёмасьць дома свайго.

32 А хто пералюбнічае з жанчынаю, у таго няма розуму; той губіць душу сваю, хто робіць такое;

33 пабоі і ганьбу ён зышча, і ганьба яго не сатрэцца;

34 бо рэўнасьць - лютасьць мужчыны, і не ўмілажаліцца ён у дзень помсты,

35 ня прыме адкупу ніякага, і не захоча, як бы ты ні памножыў гасьцінцы.

Выслоўі 7

1 Сыне мой! памятай словы мае і запаведзі мае захавай у сабе.

2 Захоўвай запаведзі мае, і жыві, і навуку маю, як зрэнкі вачэй тваіх.

3 Навяжы іх на пальцы твае, напішы іх на скрыжалі сэрца твайго.

4 Скажы мудрасьці: "ты сястра мая!" і розум назаві родным тваім,

5 каб яны ахоўвалі цябе ад жонкі другога, ад чужой, што гладка гаворыць словы свае.

6 Вось, аднойчы глядзеў я ў акно майго дома, праз рашотку маю,

7 і ўбачыў сярод нявопытных, угледзеў сярод маладых людзей неразумнага юнака,

8 які пераходзіў плошчу паблізу вугла яе і ішоў па дарозе да дома яе,

9 у сутоньні, а позьняй гадзіне, у начной цемры і ў змроку.

10 І вось - насустрач яму жанчына ў строях распусьніцы, з хітрым сэрцам,

11 узбуджаная і неапанаваная; ногі яе ня ступаюць у доме яе;

12 то на вуліцы, то на плошчах і на кожным вугле яна ладзіць ловы.

13 Яна схапіла яго, цалавала яго і бяз сораму ў твары сказала яму:

14 "Мірная ахвяра ў мяне: сёньня я выканала абяцаньні мае;

15 таму і выйшла насустрач табе, каб знайсьці цябе, і - знайшла цябе.

16 Кілімамі ўслала я пасьцель маю, палатном каляровым Егіпецкім;

17 спальню маю ўпахошчыла сьмірнаю, альясам і карынкаю.

18 Зайдзі, будзем упівацца пяшчотамі да раніцы, каханьнем нацешымся;

19 бо мужа дома няма; ён выправіўся ў далёкую дарогу;

20 кашалёк срэбра ўзяў з сабою; дамоў вернецца да дня поўні месяца".

21 Мноствам ласкавых слоў яна яго звабіла, мяккасьцю вуснаў сваіх авалодала ім.

22 Ён адразу пайшоў за ёю, як вол ідзе ў разьніцу, як алень на стралу,

23 пакуль страла не праніжа вантробы ягонай; як птушка кідаецца ў сіло, і ня ведае, што яно - пагібель яе.

24 Дык вось, дзеці, паслухайце мяне і зразумейце словы вуснаў маіх.

25 Хай ня збочвае сэрца тваё на шляхі яе, ня блукай сьцежкамі яе;

26 бо многіх яна параніла, і шмат дужых забіла яна:

27 дом яе - дарога ў апраметную, якая вядзе ў сярэдзіну жытлішча сьмерці.

Выслоўі 8

1 Ці мудрасьць не заклікае? і ці розум ня ўзносіць свой голас?

2 Яна стаіць на ўзвышаных месцах, пры дарозе, на ростанях;

3 яна кліча каля гарадское брамы, дзе ўваходзяць у дзьверы:

4 "Да вас, людзі, даклікаюся я, і да сыноў чалавечых мой голас!

5 Навучэцеся, невукі, добрай разумнасьці, зразумейце вы розум, бязглуздыя.

6 Бо ісьціну вымавіць язык мой, а бязбожнасьць - гідота для вуснаў маіх;

8 усе словы вуснаў маіх слушныя; няма ў іх хітрыны і ашуканства;

9 усе яны простыя разумнаму і справядлівыя тым, хто здабыў веды.

10 Прымеце навуку маю, а ня срэбра; лепей веды, чым чыстае золата;

11 бо мудрасьць лепшая за перлы, і ўсё, чаго пажадаеш, не дараўнаецца зь ёю.

12 Я, мудрасьць, жыву з розумам, і шукаю спазнаньня ў разважлівага.

13 Страх Гасподні - ненавідзець зло; гонар і пыху і ліхія шляхі і падступныя вусны я ненавіджу.

14 У мяне рада і праўда: я розум, у мяне сіла.

15 Мною цары валадараць, і праўнікі ўзаконьваюць праўду.

16 Мною кіруюць уладыкі і вяльможы, і ўсе судзьдзі праведныя.

17 Хто любіць мяне, тых я люблю, і хто шукае мяне, знойдуць мяне;

18 багацьце і слава са мною - скарб нятленны, і праўда;

19 плады мае лепшыя за золата, і золата самага чыстага, і карысьці ад мяне болей, чым ад чыстага срэбра.

20 Я хаджу дарогаю праўды, сьцежкамі правасудзьдзя,

21 каб даць тым, хто мяне любіць, спадчыну дабра, і скарбніцы іхнія я напаўняю.

22 Гасподзь меў мяне ад пачатку дарогі Сваёй, раней дзеяў Сваіх, спрадвеку:

23 адвеку была я памазаная, ад пачатку, ад правеку зямлі.

24 Я нарадзілася, калі ня было яшчэ бездані, калі яшчэ ня было крыніц, багатых вадою.

25 Я нарадзілася перш, чым былі пастаўлены горы, раней за пагоркі,

26 калі яшчэ Ён не стварыў ні зямлі, ні палёў, ні пачатковых пылінак сусьвету.

27 Ён рыхтаваў нябёсы, я была там. Калі ён крэсьліў скляпеньне над паверхняю бездані,

28 калі сталяваў наверсе аблокі, калі мацаваў крыніцы бездані,

29 калі даваў мору статут, каб воды не заступалі межаў яго, калі закладваў асновы зямлі:

30 тады я была пры Ім за майстра, і была кожны дзень радасьцю, весялосьцю была перад абліччам Ягоным заўсёды,

31 радуючыся на зямным коле Яго, і радасьць мая была з сынамі чалавечымі.

32 Цяпер, дзеці, паслухайце мяне; і шчасныя тыя, што будуць ахоўваць шляхі мае!

33 Паслухайце настаўленьня, і мудрымі станьце, і не адступайцеся ад яго.

34 Шчасны той чалавек, які слухае мяне, чуваючы дзень у дзень каля варотаў маіх і вартуючы дзьверы мае!

35 Бо, хто знайшоў мяне, той знайшоў жыцьцё, і атрымае мілату ад Госпада;

36 а хто грэшыць супроць мяне, учыняе шкоду душы маёй: усе тыя, што ненавідзяць мяне, любяць сьмерць".

Выслоўі 9

1 Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,

2 закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;

3 паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:

4 "хто неразумны, хай прыйдзе сюды!" А недавумкам сказала:

5 "ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;

6 адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці".

7 Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе.

8 Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;

9 дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.

10 Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум;

11 бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.

12 Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш.

13 Жанчына бяз розуму - крыклівая, дурніца - ні ў чым не абазнаная,

14 сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях,

15 каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе:

16 "хто дурны, заварочвай сюды!", а неразумным кажа яна:

17 "вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны".

18 Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.

Выслоўі 10

1 Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды - засмучэньне маці ягонай.

2 Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.

3 Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.

4 Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.

5 Хто зьбірае летам - сын разумны, а хто сьпіць у жніва - сын шалапутны.

6 Дабраславеньні - на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.

7 Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.

8 Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.

9 Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.

10 Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.

11 Вусны праведніка - крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.

12 Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.

13 На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога - дубец.

14 Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля - блізкая пагібель.

15 Маёмасьць багатага - моцны горад яго, бяда бедным - іхняе ўбоства.

16 Праца праведнага - на жыцьцё, прыбытак бязбожнага - на грэх.

17 Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай - блукае.

18 Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы - неразумны.

19 Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае - разумны.

20 Чыстае срэбра - язык праведнага, а сэрца бязбожных - нікчэма.

21 Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.

22 Дабраславеньне Гасподняе - яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.

23 Радуе немысьля - учынак ганебны, а чалавека разумнага - мудрасьць.

24 Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца.

25 Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка - аснова вечная.

26 Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго.

27 Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца.

28 Спадзяваньне праведнікам - радасьць, а надзея бязбожных загіне.

29 Шлях Гасподні - цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным.

30 Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі.

31 З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.

32 Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных - разбэшчанае.

Выслоўі 11

1 Няправільныя вагі - агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.

2 Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі - мудрасьць.

3 Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.

4 Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.

5 Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.

6 Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.

7 Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.

8 Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.

9 Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.

10 З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны - сьпявае.

11 Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.

12 Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.

13 Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае.

14 Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах - дабрадзенствуе.

15 Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы.

16 Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця.

17 Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю.

18 Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду - узнагарода пэўная.

19 Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.

20 Агіда Госпаду - падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.

21 Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.

22 Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і - неразумная.

23 Жаданьне праведных - толькі дабро, надзея бязбожных - гнеў.

24 Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.

25 Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.

26 Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.

27 Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.

28 Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.

29 Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.

30 Плод праведніка - дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.

31 Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.

Выслоўі 12

1 Хто любіць настаўленьне, той любіць веды; а хто ненавідзіць засьцярогі, той невук.

2 Добры здабывае ласку ў Госпада; а чалавека падступнага Ён асудзіць.

3 Ня сьцьвердзіць сябе чалавек беззаконьнем; а корань праведнікаў непахісны.

4 Дабрачынная жонка - вянок мужу свайму; а ганебная - як гнілізна ў касьцях у яго.

5 Помыслы праведных - праўда, а намыслы бязбожных - падступнасьць.

6 Словы бязбожных - засада на кроў, а вусны праведных ратуюць іх.

7 Як кранецца бязбожных няшчасьце - і няма іх, а дом праведных стаіць.

8 Хваляць чалавека паводле меры розуму ягонага, а распусны сэрцам будзе ў пагардзе.

9 Лепей быць простым, але мець працу, чым быць ганарыстым, але ня мець хлеба.

10 Праведны дбае і пра жыцьцё быдла свайго, а сэрца бязбожных жорсткае.

11 Хто ўрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам; а хто ідзе па сьлядах гультаёў, той розумам бедны.

12 Бязбожны хоча злавіць яго ў сетку зла; а корань праведных цьвёрды.

13 Бязбожны ловіцца грахамі вуснаў сваіх; а праведны выйдзе зь бяды.

14 Ад плоду вуснаў сваіх чалавек насычаецца дабром, і плата чалавеку - паводле дзеяў рук ягоных.

15 Дарога немысьля простая ў вачах ягоных; а хто слухае рады, той мудры.

16 У немысьля адразу выяўляецца гнеў ягоны, а разумны тоіць абразу.

17 Хто кажа тое, што ведае, той кажа праўду: а ў сьведкі ілжывага - ашуканства.

18 Сёй-той пустаслоў б'е як мечам, а язык мудрых - ацаляе.

19 Вусны праўдзівыя вечна жывуць, а ілжывы язык - хвіліну.

20 Хітрына - у сэрцы ў зламысьнікаў, радасьць - у міратворцаў.

21 Ня станецца праведніку ніякага ліха, а бязбожныя будуць напоўнены злом.

22 Агіда Госпаду - вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму.

23 Чалавек разважлівы ўтойвае веды, а сэрца немысьляў выказвае дурасьць.

24 Рука руплівая здабудзе ўладу, а гультайская пад данінай будзе.

25 Смутак на сэрцы падаўляе чалавека, а добрае слова разьвесяляе яго.

26 Праведнік паказвае блізкаму свайму дарогу, а дарога бязбожных уводзіць іх у згубу.

27 Гультай ня смажыць сваёй дзічыны; а чалавек руплівы мецьме каштоўны набытак.

28 На дарозе праўды - жыцьцё, і на сьцежцы яе няма сьмерці.

Выслоўі 13

1 Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў.

2 Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона - зло.

3 Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.

4 Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.

5 Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.

6 Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.

7 Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.

8 Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.

9 Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.

10 Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, - мудрасьць.

11 Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго.

12 Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, - як дрэва жыцьця.

13 Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны.

14 Навука ў мудрага - крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці.

15 Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая.

16 Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць.

17 Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец - ратунак.

18 Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе.

19 Жаданьне, якое споўнілася, - прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла.

20 Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца.

21 Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро.

22 Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму.

23 Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.

24 Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.

25 Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.

Выслоўі 14

1 Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.

2 Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.

3 У вуснах у немысьля - біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.

4 Дзе няма валоў, там - ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.

5 Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.

6 Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.

7 Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.

8 Мудрасьць разумнага - што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў - толькі ашука.

9 Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных - Божая мілата.

10 Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай.

11 Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.

12 Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх - шлях сьмерці.

13 І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.

14 Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры - ад сваіх.

15 Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.

16 Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.

17 Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.

18 Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.

19 Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя - каля варот праведніка.

20 Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.

21 Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.

22 Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.

23 Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.

24 Вянок мудрых - багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.

25 Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.

26 У страху перад Госпадам - надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.

27 Страх Гасподні - крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.

28 У мностве народу - веліч цара, а пры малалюдзтве - бяда ўладару.

29 У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.

30 Ціхмянае сэрца - жыцьцё целу, а зайздрасьць - гнілізна касьцям.

31 Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.

32 За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.

33 Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.

34 Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне - ганьба народаў.

35 Ласка царова - рабу разумнаму, а гнеў цара - супроць таго, хто ганьбіць яго.

Выслоўі 15

1 Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.

2 Язык мудрых нясе добрыя веды; а вусны неразумных вырыгаюць глупства.

3 Усюды вочы Гасподнія: яны бачаць ліхіх і добрых.

4 Лагодны язык - дрэва жыцьця, а неўтаймаваны - хвароба духу.

5 Неразумны пагарджае настаўленьнем бацькі свайго; а хто слухае засьцярогу, той у добрым розуме.

6 У доме ў праведніка - мноства скарбаў, а ў прыбытку ў бязбожнага - разлад.

7 Вусны мудрых пашыраюць веды, а сэрца немысьляў - не.

8 Ахвяра бязбожных - агідная Госпаду, а малітва праведных Яму даспадобы.

9 Агіда Госпаду - шях бязбожнага, а таго, хто ідзе шляхам праўды, Ён любіць.

10 Ліхая кара таму, хто скрывіць дарогу, і той, хто ненавідзіць засьцярогу, загіне.

11 Апраметная і Авадон адчынены перад Госпадам, тым болей сэрцы сыноў чалавечых.

12 Ня любіць распусьнік тых, што засьцерагаюць яго, і да мудрых ня пойдзе.

13 Вясёлае сэрца разьвесяляе твар, а пры сардэчным смутку дух маркоціцца.

14 Сэрца разумнага шукае ведаў, а вусны немысьляў кормяцца дурасьцю.

15 Усе дні ў няшчаснага смутныя; а ў каго сэрца вясёлае, таму заўсёды сьвята.

16 Лепей мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікі скарб, і зь ім трывогу.

17 Лепей міска гародніны і зь ёю любоў, чым укормлены бык і зь ім нянавісьць.

18 Запальчывы чалавек абуджае разлад, а цярплівы суцішае свару.

19 Дарога ў гультая - як цярновы пляцень, а дарога ў праведных гладкая.

20 Мудры сын радуе бацьку, а неразумны чалавек пагарджае маці сваёю.

21 Дурнота - радасьць недавумку, а чалавек разумны ідзе простаю дарогаю.

22 Бяз рады задумы разладзяцца, а пры мностве радцаў яны спраўдзяцца.

23 Радасьць чалавеку ў адказе вуснаў ягоных, і як хораша слова ў свой час!

24 Дарога жыцьця ў мудрага ўгору, каб ухіліцца ад апраметнай унізе.

25 Дом пыхлівых зруйнуе Гасподзь, а мяжу ўдавы ўмацуе.

26 Агіда Госпаду - намыслы ліхадзеяў, а словы беззаганных падабаюцца Яму.

27 Карысьлівец разладзіць свой дом, а хто ненавідзіць хабар, будзе жыць.

28 Сэрца праведнага абдумвае адказ, а вусны бязбожных вырыгаюць благое.

29 Далёка Гасподзь ад бязбожных, а малітву праведных чуе.

31 Вуха, уважлівае да навукі жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.

32 Хто ня прымае настаўленьня, ня дбае пра душу сваю; а хто слухае засьцярогу, той набывае розум.

33 Страх Гасподні вучыць мудрасьці, і славе папярэднічае пакора.

Выслоўі 16

1 Чалавеку належаць намеры сэрца, а адказ языка ад Госпада.

2 Усе шляхі чалавека чыстыя ў ягоных вачах, а Гасподзь выпрабоўвае душы.

3 Даручы Госпаду дзеі твае, і намеры твае зьдзейсьняцца.

4 Усё зрабіў Гасподзь дзеля Сябе; і нават бязбожнага на дзень гневу.

5 Агіднае Госпаду сэрца пыхліўца; можна паручыцца, што ён не застанецца без пакараньня.

6 Міласэрнасьцю і праўдаю ачышчаецца грэх, і страх Гасподні адводзіць ад ліха.

7 Калі Госпаду падабаюцца шляхі чалавека, Ён і ворагаў яго прымірае зь ім.

8 Лепш нямногае з праўдаю, чым вялікія прыбыткі з крыўдаю.

9 Сэрца чалавека абдумвае свой шлях, а Гасподзь кіруе шэсьцем ягоным.

10 У вуснах у цара - слова натхнёнае; вусны яго не павінны грашыць на судзе.

11 Правільныя вагі і вагавыя шалі - ад Госпада; ад Яго ж усе гіры ў торбе.

12 Агідная царам - дзея беззаконная, бо праўдай мацуецца трон.

13 Прыемныя цару вусны праўдзівыя, а таго, хто гаворыць праўду, ён любіць.

14 Царскі гнеў - весьнік сьмерці; а мудры чалавек умілажальвае яго.

15 У ясным позірку цара - жыцьцё, і ўпадабаньне ягонае - як воблака з позьнім дажджом.

16 Здабыць мудрасьць намнога лепш за золата, і здабыць розум лепш за чыстае срэбра.

17 Шлях у праведных - унікаць зла; той ратуе душу сваю, хто зважае на шлях свой.

18 Пагібелі папярэднічае гонар, і падзеньню - пыха.

19 Лепей упакорвацца духам з лагоднымі, чым дзяліць здабычу з гардзеямі.

20 Хто вядзе справу разумна, той знойдзе дабро, а хто спадзяецца на Госпада, той шчасны.

21 Мудры сэрцам разумным назавецца, і салодкая мова дадасьць да навукі.

22 Розум таму, хто мае яго, - крыніца жыцьця, а вучонасьць дурных - дурнота.

23 Сэрца мудрага язык ягоны ўмудрае і памнажае веды ў вуснах ягоных.

24 Прыемная мова - сотавы мёд, салодкая душы і гойная касьцям.

25 Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі, але канец іх - да сьмерці.

26 Працаўнік працуе на сябе, бо панукае яго рот ягоны.

27 Чалавек падступны намышляе благое, і на вуснах у яго нібы агонь палючы.

28 Чалавек хітры сее разлад, а нагаворшчык разлучае сяброў.

29 Чалавек зь нядобрымі намерамі разбэшчвае блізкага свайго і вядзе яго на дарогу благую;

30 прыплюшчвае вочы, каб прыдумаць падступства; закусваючы губы сабе, чыніць зладзейства.

31 Вянок славы - сівізна на дарозе праўды.

32 Доўгацярплівы лепшы за адважнага, і той, хто валодае сабою, лепшы за заваёўніка горада.

33 На падлогу кідаюць жэрабя, але ўвесь вырак ягоны - ад Госпада.

Выслоўі 17

1 Лепш кавалак чэрствага хлеба і зь ім мір, чым дом, поўны заколатага быдла, з разладам.

2 Разумны раб валадарыць над шалапутным сынам і між братамі падзеліць спадчыну.

3 Плавільня - на срэбра, і гарніла - пад золата, а сэрцы выпрабоўвае Гасподзь.

4 Ліхадзей слухае вусны беззаконных, ілгун слухаецца вуснаў беззаконных.

5 Хто ганіць убогага, той ганіць Госпада ягонага; хто радуецца няшчасьцю, той не застаецца без пакараньня.

6 Вянок старых - сыны сыноў, і словы дзяцей - бацькі іхнія.

7 Ня прыстоіць неразумнаму важная прамова, тым болей знакамітаму - вусны ілжывыя.

8 Хабар - каштоўны камень у вачах таго, хто валодае ім; куды ні зьвернецца ён, яму шчасьціць.

9 Хто прыкрывае правіну - шукае любові; а хто зноў нагадвае пра яе, той праганяе сябра.

10 На разумнага мацней дзее вымова, чым на неразумнага сто ўдараў.

11 Злосьнік шукае толькі зла; таму жорсткі анёл будзе пасланы супраць яго.

12 Лепей сустрэць чалавеку мядзьведзіху зьбязьдзетненую, чым неразумнага ў дрымоце ягонай.

13 Хто за дабро плаціць злом, ад дома таго не адыдзецца зло.

14 Пачатак свары - як прарыў вады; пакінь свару раней, чым разгарыцца яна.

15 Хто апраўдвае бязбожніка і вінаваціць праведнага - абодва агідныя Госпаду.

16 Навошта скарб у руках у неразумнага? Каб набыць мудрасьць, у яго няма розуму.

17 Сябар любіць ва ўсякі час і, як брат, явіцца ў няшчасьці.

18 Чалавек малога розуму дае руку і паручаецца за блізкага свайго.

19 Хто любіць свары, любіць грэх; і хто высока ўзносіць вароты свае, той шукае падзеньня.

20 Падступнае сэрца ня знойдзе дабра, і падступны язык упадае ў бяду.

21 Калі нарадзіў хто немысьля - сабе на гора, і бацька немысьля не парадуецца.

22 Вясёлае сэрца ацаляе, а пануры дух сушыць косьці.

23 Бязбожны вымае гасьцінец з-за пазухі, каб скрывіць шляхі правасудзьдзя.

24 Мудрасьць - перад абліччам у разумнага, а вочы неразумнага - на канцы зямлі.

25 Неразумны сын - прыкрасьць бацьку свайму і крыўда маці сваёй.

26 Нядобра і вінаваціць невінаватага, і біць вяльможу за праўду.

27 Разумны і ўстрымлівы ў словах сваіх, і разумны мае халодную кроў.

28 І неразумны, калі маўчыць, можа здацца мудрым, і разважлівым, калі замыкае вусны свае.

Выслоўі 18

1 Сваволі шукае прымхлівы, паўстае супроць усяго разумнага.

2 Неразумны ня любіць думаць, а толькі паказаць бы свой розум.

3 З прыходам бязбожнага прыходзіць і пагарда, а з вартым пагарды - ганьба.

4 Слова з вуснаў чалавечых - глыбокія воды; крыніца мудрасьці - бруісты паток.

5 Нядобра быць ласкавым зь бязбожным, каб абвергнуць праведнага ў судзе.

6 Вусны бязглуздага цягнуць у незлагадзь, а словы яго выклікаюць бойку.

7 Язык бязглуздага - пагібель яму, а вусны яго - сетка на душу ягоную.

8 Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны гладка ўваходзяць у нутро чалавека.

9 Нядбалы ў працы сваёй - брат марнатраўцы.

10 Імя Госпада - моцная вежа: убягае ў яе праведнік, і ў бясьпецы.

11 Маёмасьць багатага - як моцны горад ягоны, і высокім мурам здаецца яму.

12 Перад падзеньнем узносіцца сэрца чалавека, а сьціпласьць ідзе наперадзе славы.

13 Хто дае адказ, ня выслухаўшы, той неразумны і брыдка яму.

14 Дух чалавека пераносіць яго немачы; а прыгнечаны дух - хто можа ўмацаваць яго.

15 Сэрца разумнага набывае веды, і вуха мудрых шукае ведаў.

16 Дарунак дае чалавеку прастору і да вяльможаў давядзе яго.

17 Першы ў цяжбіне сваёй мае рацыю, але прыходзіць супернік ягоны і паняверыць яе.

18 Жэрабя спыняе спрэчкі і вырашае паміж моцнымі.

19 Азлоблены брат няпрыступнейшы за моцны горад, і свары падобныя на замкі замка.

20 Ад плоду вуснаў чалавека напаўняецца чэрава ягонае; вытворамі вуснаў сваіх ён насычаецца.

21 Сьмерць і жыцьцё - ва ўладзе языка, і хто любіць яго, скаштуе ад плоду яго.

22 Хто знайшоў жонку, той знайшоў дабро і атрымаў мілату ад Госпада.

23 З мальбою гаворыць убогі, а багаты адказвае груба.

24 Хто хоча мець сяброў, той і сам павінен быць прыязны; і бывае сябар больш прыязны за брата.

Выслоўі 19

1 Лепш бедны, які ходзіць у сваёй нявіннасьці, чым зь ілжывымі вуснамі, і пры гэтым неразумны.

2 Нядобра душы бязь ведаў, і хто сьпяшаецца нагамі, спатыкаецца.

3 Неразумнасьць чалавека скрыўляе дарогу, а сэрца ягонае гневаецца на Госпада.

4 Багацьце памнажае сяброў, а беднага пакідае і сябар ягоны.

5 Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня, і хто гаворыць няпраўду, не ўратуецца.

6 Многія дагаджаюць заможным; і кожны - сябар чалавеку, які не шкадуе гасьцінцаў.

7 Беднага ненавідзяць усе браты ягоныя, тым болей прыяцелі ягоныя адпадаюць ад яго; гоніцца за словам парады, а іх і на гэта няма.

8 Хто набіраецца розуму, той любіць душу сваю; хто пільнуецца разумнасьці, знаходзіць дабро.

9 Ілжывы сьведка не застаецца без пакараньня; і хто гаворыць няпраўду, загіне.

10 Ня прыстоіць неразумнаму раскоша, тым болей рабу панаваньне над князямі.

11 Здаровы розум робіць чалавека павольным на гнеў, а слава ягоная - паблажлівым да неразважлівых учынкаў.

12 Гнеў цара - як рык ільва, а ласка ягоная - як раса на траву.

13 Неразумны сын - пагібель бацьку ягонаму, а сварлівая жонка - сьцёкавая рына.

14 Дом і маёмасьць - спадчына ад бацькоў, а разумная жонка - ад Госпада.

15 Гультайства наганяе дрымоту, і нядбайная душа будзе галадаць.

16 Захавальнік запаведзі захоўвае душу сваю, а хто ня дбае пра шяхі свае - загіне.

17 Міласэрны да беднага пазычае Госпаду; і Ён аддасьць яму за дабрачынства ягонае.

18 Карай сына свайго, пакуль ёсьць надзея, і не абурайся крыкам ягоным.

19 Чалавек вялікага гневу нясе пакараньне; бо, калі пашкадуеш яго, давядзецца табе яшчэ больш караць яго.

20 Слухайся рады і прымай кару, каб зрабіцца табе пасьля мудрым.

21 Шмат задумаў у сэрцы ў чалавека, але збудзецца толькі задуманае Госпадам.

22 Радасьць чалавеку - дабрачыннасьць ягоная, і бедны чалавек лепшы, чым хлусьлівы.

23 Страх Гасподні вядзе да жыцьця, і хто мае яго, заўсёды будзе задаволены, і ліха не спасьцігне яго.

24 Гультай апускае руку сваю ў чару, і ня хоча данесьці яе да вуснаў сваіх.

25 Калі ты пакараеш блюзьнера, дык і просты зробіцца разумным; і калі засьцеражэш разумнага, дык ён зразумее настаўленьне.

26 Хто бацьку руйнуе і выганяе маці - сын бессаромны і ганебны.

27 Перастань, сыне мой, слухаць угаворы ўхіліцца ад голасу розуму.

28 Падступны сьведка зьдзекуецца з праўды, і вусны бязбожных глытаюць няпраўду.

29 На блюзьнераў гатовыя суды, і ўдары - на цела дурных.

Выслоўі 20

1 Віно - глумлівае, сікера - шалёная; і кожны, хто захапляецца імі, неразумны.

2 Пагроза царовая - нібы рык ільва: хто дражніць яго, той грэшыць супроць самога сябе.

3 Гонар чалавеку - ухіліцца ад свары; а хто любіць сварыцца - неразумны.

4 Гультай зімою не арэ; жабруе летам - і няма нічога.

5 Помыслы ў сэрцы ў чалавека - глыбокія воды, але чалавек разумны вычэрпвае іх.

6 Многія хваляць чалавека за мілажальнасьць, а хто знойдзе чалавека надзейнага?

7 Праведнік ходзіць у сваёй беспахібнасьці: шчасныя дзеці ягоныя пасьля яго!

8 Цар, які сядзіць на троне правасудзьдзя, разганяе вачыма сваімі ўсё ліхое.

9 Хто можа сказаць: "я ачысьціў сэрца сваё, я чысты ад грэху майго?"

10 Дваякія шалі, дваякая мера, і тое і другое - агідныя Госпаду.

11 Можна пазнаць нават падлетка па занятках ягоных: ці чыстыя і ці правільныя ўчынкі ягоныя?

12 Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць - і тое і другое стварыў Гасподзь.

13 Ня любі спаць, каб табе не зьбяднець; расплюшчы вочы твае, і будзеш удосыць есьці хлеб.

14 "Дрэнна, дрэнна", кажа пакупнік; а як адыдзе - хваліцца.

15 Ёсьць золата і шмат жэмчугу, але найкаштоўнейшы посуд - вусны разумныя.

16 Вазьмі вопратку ягоную, бо ён паручыўся за чужога; за незнаёмага вазьмі зь яго заклад.

17 Салодкі чалавеку хлеб, набыты няпраўдаю; але пасьля - рот ягоны пяском напоўніцца.

18 Намеры набываюць пэўнасьць праз нараду, і пасьля нарады вядзі вайну.

19 Хто абгаворвае, той раскрывае таямніцы, і хто шырока разьзяўляе рот, з тым не вадзіся.

20 Хто ліхасловіць бацьку свайго і сваю маці, таго сьветач патухне сярод глыбокае цемры.

21 Спадчына, сьпешна захопленая напачатку, ня будзе дабраславёная пазьней.

22 Не кажы: "я адплачу табе за зло"; даверся Госпаду, і Ён ахавае цябе.

23 Агідныя Госпаду - дваякія гіры, і дваякія шалі - не дабро.

24 Ад Госпада кіруюцца крокі чалавека; а чалавеку як зьведаць дарогу сваю?

25 Сетка чалавеку - неадумна даваць зарок, і пасьля зароку - абдумваць.

26 Мудры цар расьцярушыць бязбожных і паверне на іх кола.

27 Сьветач Гасподні - дух чалавека, які вывярае ўсе глыбіні сэрца.

28 Ласка і праўда ахоўваюць цара, і на ласцы ён трымае свой трон.

29 Слава юнакоў - сіла іхняя, а акраса старых - сівізна.

30 Раны ад удараў - лечаць ад зла, і ўдары, якія пранікаюць усярэдзіну чэрава.

Выслоўі 21

1 Сэрца цара ў руках у Госпада, як патокі водаў: куды захоча, Ён кіруе яго.

2 Усякі шлях чалавека просты ў вачах ягоных; а Гасподзь узважвае сэрцы.

3 Справядлівасьць і праўду чыніць - больш даспадобы Госпаду, чым ахвяра.

4 Гонар вачэй і пыха сэрца, сьветачы бязбожнікаў - грэх.

5 Задумы руплівага вядуць да дастатку, а кожны сквапны церпіць нястачу.

6 Набываньне скарбу ілжывым языком - мімалётная марнасьць тых, што шукаюць сьмерці.

7 Гвалт бязбожных абернецца супроць іх, бо яны выракліся праўды.

8 Крывая дарога ў чалавека разбэшчанага; а хто чысты, у таго ўчынкі пабожныя.

9 Лепей жыць у закутку на даху, чым са сварліваю жонкай у прасторным доме.

10 Душа бязбожніка прагне ліхаты: ня знойдзе літасьці ў вачах яго і сябар ягоны.

11 Калі караюць блюзьнера, просты робіцца мудрым; і калі настаўляецца на розум мудры, дык ён набывае веды.

12 Праведнік назірае за домам бязбожніка: як упадаюць бязбожныя ў няшчасьце.

13 Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - і ня будзе пачуты.

14 Дарунак таемны тушыць гнеў, а дарунак запазуху - моцную лютасьць.

15 Чыніць правасудзьдзе - радасьць праведніку і страх тым, хто нясе зло.

16 Чалавек, які зьбіўся з дарогі розуму, спачне ў зборні мёртвых.

17 Хто любіць весялосьць - зьбедніцца; і хто любіць віно і масьці - не разбагацее.

18 Выкупам будзе за праведнага бязбожны, і за пабожнага - хітры.

19 Лепей жыць у зямлі пустэльнай, чым з жонкаю сварліваю і сярдзітаю.

20 Жаданы скарб і масьць - у доме ў мудрага; а неразумны чалавек распускае іх.

21 Хто трымаецца праўды і ласкі, знойдзе жыцьцё, праўду і славу.

22 Мудры ўваходзіць у горад моцных і руйнуе цьвярдыню іхняй надзеі.

23 Хто беражэ вусны свае і язык свой, той асланяе ад бяды душу сваю.

24 Пыхлівы злодзей - блюзьнер імя яму - дзее ў запале пыхі.

25 Прагнасьць гультая заб'е яго, бо рукі ў яго адмаўляюцца працаваць;

26 кожны дзень ён моцна прагне, а праведнік дае і не шкадуе.

27 Ахвяра бязбожных - агіднасьць, асабліва калі з хітрасьцю прыносяць яе.

28 Ілжывы сьведка загіне, а чалавек, які кажа, што ведае, будзе гаварыць заўсёды.

29 Чалавек бязбожны дзёрзкі тварам сваім, а праведны трымае проста шлях свой.

30 Няма мудрасьці і няма розуму і няма вады - насуперак Госпаду.

31 Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога - ад Госпада.

Выслоўі 22

1 Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата.

2 Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь.

3 Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару.

4 За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё.

5 Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх.

6 Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца.

7 Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка.

8 Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе.

9 Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.

10 Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба.

11 Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар - сябар.

12 Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.

13 Гультай кажа: "леў на вуліцы! сярод плошчы заб'юць мяне!"

14 Глыбокая прорва - вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды.

15 Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.

16 Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.

17 Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў;

18 бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх.

19 Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.

20 Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні,

21 каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?

22 Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;

23 бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.

24 Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым,

25 каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю.

26 Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі.

27 Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе.

28 Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае.

29 Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.

Выслоўі 23

1 Калі сядзеш есьці ежу з валадаром, дык уважай, што перад табою;

2 і пастаў заслону ў горле тваім, калі ты ненаедны.

3 Не спакушайся ласнымі прысмакамі; гэта - уяўная ежа.

4 Ня турбуйся пра тое, каб набыць багацьце; адкінь такія думкі твае.

5 Зьвернеш вочы твае на яго, і - яго ўжо няма; бо яно зробіць сабе крылы і, як арол, паляціць да неба.

6 Не каштуй ежы ў чалавека зайздросьлівага, і не спакушайся ласнымі прысмакамі ягонымі,

7 бо, якія думкі ў душы ў яго, такі і ён сам; "еж і пі", кажа ён табе, а сэрца яго не з табою.

8 Кавалак, які ты зьеў, вырыгнеш, і добрыя словы твае ты ўжывеш марна.

9 У вушы неразумнаму не кажы, бо ён занядбае разумныя словы твае.

10 Не перасоўвай мяжы даўняй і на поле сіротаў не заходзь;

11 бо Абаронца ў іх моцны; Ён заступіцца за справу іхнюю перад табою.

12 Прыхілі сэрца тваё да вучэньня і вушы твае - да разумных слоў.

13 Не пакідай юнака без пакараньня; калі пакараеш яго дубцом, ён не памрэ:

14 ты пакараеш яго дубцом і ўратуеш душу яго ад пекла.

15 Сыне мой! калі сэрца тваё будзе мудрае, парадуецца і маё сэрца;

16 і душа мая будзе радавацца, калі вусны твае будуць казаць слушна.

17 Хай не зайздросьціць сэрца тваё грэшнікам; а хай будзе яно ва ўсе дні ў страху Гасподнім;

18 бо ёсьць будучыня, і надзея твая ня страчана.

19 Слухай, сыне мой, і будзь мудры, і кіруй сэрца тваё на просты шлях.

20 Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном, сярод тых, што аб'ядаюцца мясам:

21 бо п'яніца і ненаяда зьбяднеюць, а санлівец апранецца ў рызманы.

22 Слухайся бацькі твайго: ён спарадзіў цябе; і не пагарджай маці тваёй, калі яна будзе старая.

23 Купі ісьціну, і не прадавай мудрасьці і разумнага вучэньня.

24 Радуецца бацька праведніка, і, хто нарадзіў мудрага - радуецца зь яго.

25 Хай весяліцца бацька твой і хай радуецца маці твая, якая цябе нарадзіла.

26 Сыне мой! аддай сэрца тваё мне, а вочы твае хай сочаць за шляхамі маімі:

27 бо распусьніца - глыбокая прорва, а чужая жонка - вузкі калодзеж;

28 яна, як разбойнік, сядзіць у засадзе і памнажае сярод людзей здраднікаў.

29 У каго гора? у каго нядоля? у каго бяспрычынныя раны? у каго чырвоныя вочы?

30 У тых, што доўга сядзяць за віном, што прыходзяць скаштаваць віна неразьведзенага.

31 Не глядзі на віно, як яно чырванее, як яно прамяніцца ў келіху, як яно роўненька ліецца;

32 пазьней яно ўкусіць, як змей, і ўджаліць, як асьпід;

33 вочы твае будуць глядзець на чужых жонак, і сэрца тваё загаворыць распуснае;

34 і ты будзеш, як заснулы сярод мора і як на версе мачты.

35 І скажаш: "білі мяне, мне не балела, штурхалі мяне, і я не адчуваў. Калі прачнуся, зноў буду рабіць тое самае."

Выслоўі 24

1 Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:

2 бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.

3 Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,

4 і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.

5 Чалавек мудры - дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.

6 Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў.

7 Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх.

8 Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам.

9 Намысел неразумнага - грэх, і блюзьнер - мярзота людзям.

10 Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая.

11 Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой?

12 Ці скажаш: "вось, мы ня ведалі гэтага?" А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.

13 Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму:

14 такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная.

15 Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага.

16 Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.

17 Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.

18 Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.

19 Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам:

20 бо ліхі ня мае будучыні - сьветач бязбожных патухне.

21 Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,

22 бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?

23 Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе - нядобра.

24 Хто кажа вінаватаму: "твая праўда", таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны;

25 а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне.

26 У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі.

27 Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой.

28 Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі?

29 Не кажы: "як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных".

30 Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага.

31 І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся.

32 І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку:

33 "крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш;

34 і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая - як чалавек узброены".

Выслоўі 25

1 І гэта выслоўі Саламона, сабраныя мужамі Эзэкіі, цара Юдэйскага.

2 Слава Божая - пакрываць таямніцаю справу, а славай цароў - дасьледаваць справу.

3 Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні, так сэрца цароў - недасьледвальнае.

4 Аддзялі дамешку ад срэбра, і выйдзе ў срэбніка посуд:

5 адвядзі няправеднага ад цара, і трон ягоны ўмацуецца праўдай.

6 Ганарліва не выстаўляйся перад абліччам цара і на месца вялікіх не станавіся;

7 бо лепей хай скажуць табе: "узыдзі сюды вышэй", чым калі прынізяць цябе перад знакамітым, якога ўбачылі вочы твае.

8 Ня ўступай пасьпешліва ў цяжбіну: бо што будзеш рабіць у канцы, калі супернік твой сарамаціць цябе?

9 Вядзі цяжбіну зь блізкім тваім, але таямніцы ягонае не адкрывай,

10 каб не папракнуў цябе той, хто чуў гэта, бо тады ганьба твая ад цябе не адстане.

11 Залатыя яблыкі ў срэбным празрыстым посудзе - слова, сказанае прыстойна.

12 Залатая завушніца і аздоба з чыстага золата - гэта мудры абскаржнік для ўважлівага вуха.

13 Што прахалода ад сьнегу ў жніва, тое верны пасол таму, хто яго пасылае: ён прыносіць душы гаспадара свайго радасьць.

14 Што хмары і вятры без дажджу, тое чалавек, які абяцае гасьцінцы і іх не дае.

15 Цярплівасьць схіляе да літасьці вяльможу, і мяккі язык ломіць костку.

16 Знайшоў ты мёд? еж, колькі трэба табе, каб не аб'есьціся ім і ня выбляваць яго.

17 Не ўчашчай у дом сябра твайго, каб ты не абрыд яму, каб ён не зьненавідзеў цябе.

18 Што молат і меч і вострая страла, тое чалавек, які сьведчыць ілжыва супроць блізкага свайго.

19 Што гнілы зуб і паралізаваная нага, тое надзея на ненадзейнага чалавека ў нягодзе.

20 Як той, хто здымае зь сябе вопратку ў халодны дзень, і як воцат на рану, так і той, хто сьпявае песьні тужліваму сэрцу.

21 Калі вораг твой галодны, накармі яго хлебам; і калі ён сьмягне, напаі яго вадою:

22 бо, робячы гэта, ты зьбіраеш распаленае вуголле на галаву ягоную, і Гасподзь аддзячыць табе.

23 Паўночны вецер нясе дождж, а патаемная гаворка - незадаволеныя твары.

24 Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.

25 Што халодная вада натомленай смагай душы, тое добрая вестка з далёкай краіны.

26 Што ўскаламучаная крыніца і парушаная крыніца, тое праведнік, які падае перад бязбожнікам.

27 Як нядобра есьці многа мёду, так дамагацца славы ня ёсьць слава.

28 Што горад разбураны, без мура, тое чалавек, які не валодае духам сваім.

Выслоўі 26

1 Як сьнег летам і дождж у жніва, так гонар не пасуе неразумнаму.

2 Як верабей пырхне, калі ластаўка паляціць, так незаслужаны праклён ня збудзецца.

3 Плётка каню, аброць аслу, а кій немысьлю.

4 Не адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб і ты не прыпадобніўся яму;

5 а адказвай неразумнаму паводле неразумнасьці ягонай, каб ён не зрабіўся мудрацом у вачах сваіх.

6 Падцінае сабе ногі, робіць шкоду сабе той, хто пасылае наказ празь немысьля.

7 Як віхляюцца ногі ў кульгавага, так і выслоўе на вуснах у неразумнага.

8 Што ўкладваць каштоўны камень у прашчу, так і аддаваць пашану дурному.

9 Што калючы бадзяк у руцэ ў п'янага, тое і выслоўе на вуснах у неразумнага.

10 Дужы робіць усё адвольна: і неразумнага ўзнагароджвае, і кожнага праходжага ўзнагароджвае.

11 Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурны паўтарае глупствы свае.

12 Калі ты бачыш чалавека, які сам сябе мудрым лічыць, - дык на дурнога болей надзеі, чым на яго.

13 Гультай кажа: "леў на дарозе! леў на дварэ!"

14 Дзьверы паварочваюцца на завесах сваіх, а гультай на ложку сваім.

15 Гультай апускае руку сваю да міскі, ды яму цяжка падняць яе да рота свайго.

16 Гультай у вачах сваіх мудрэйшы за семярых, што адказваюць разумна.

17 Хапае сабаку за вушы той, хто, праходзячы міма, лезе ў чужую спрэчку.

18 Як той, хто прыкідваецца вар'ятам, кідае агонь, стрэлы і сьмерць,

19 так - чалавек, які падступна шкодзіць сябру свайму і потым кажа: "я толькі пажартаваў".

20 Дзе няма болей дроў, агонь патухае; і дзе няма нагаворшчыка, разлад аціхае.

21 Вугаль - на жар, дровы - на распал свары.

22 Словы нагаворшчыка - як прысмакі, і яны ўваходзяць у нутро жывата.

23 Як нячыстым срэбрам абкладзены гліняны посуд, так і палымяныя вусны і сэрца ліхое.

24 Вуснамі сваімі прыкідваецца вораг, а ў сэрцы сваім намышляе ліхое.

25 Калі ён гаворыць і пяшчотным голасам, ня вер яму; бо сем мярзотаў у сэрцы ў яго.

26 Хто нянавісьць прыкрывае на самоце, злосьць таго адкрыецца ў народным сходзе.

27 Хто капае яму, той упадзе ў яе; і хто пакоціць угору камень, да таго ён вернецца.

28 Хлусьлівы язык ненавідзіць тых, каго ён параніў, і лісьлівыя вусны рыхтуюць падзеньне.

Выслоўі 27

1 Не хваліся заўтрашнім днём; бо ня ведаеш, што той дзень народзіць.

2 Хай цябе хваліць іншы, а ня вусны твае, - чужы, а не язык твой.

3 Цяжкі камень, важкі і пясок; але гнеў неразумнага цяжэйшы за іх абодвух.

4 Жорсткі гнеў, неўтаймавальная лютасьць; але хто ўстоіць супроць зайздрасьці?

5 Лепей адкрыты дакор, чым прыхаваная любоў.

6 Шчырыя дакоры ад таго, хто любіць, і ілжывыя пацалункі ў таго, хто ненавідзіць.

7 Сытая душа топча і соты, а галоднай душы ўсё горкае - салодкае.

8 Як птушка, што пакінула гняздо сваё, так і чалавек, які пакінуў месца сваё.

9 Масьць і дымленьне радуюць сэрца; так салодкі кожнаму сябар з сардэчнай ранай сваёй.

10 Не пакідай сябра твайго і сябра бацькі твайго, і ў дом брата твайго ня ідзі ў дзень няшчасьця твайго: лепей сусед блізка, чым брат далёка.

11 Будзь мудры, сыне мой, і радуй сэрца маё; і я мецьму што адказаць ліхаслоўцу майму.

12 Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад і прымаюць кару.

13 Вазьмі ў яго адзежу ягоную, бо ён паручыўся за чужога; і за чужога вазьмі ў яго заклад.

14 Хто ўголас хваліць сябра свайго з самай раніцы, таго палічаць за ліхаслоўца.

15 Бясконцы капеж у дажджлівы дзень і сварлівая жонка - роўныя;

16 хто хоча схаваць яе, той хоча ўтрымаць вецер і схапіць алей у руку сваю.

17 Жалеза жалеза вострыць, і чалавек навастрае позірк сябра свайго.

18 Хто даглядае смакоўніцу, той будзе есьці плады зь яе; і хто верна служыць гаспадару свайму, той будзе ў пашане.

19 Як у вадзе твар - да твару, так сэрца чалавека - да чалавека.

20 Апраметная і Авадон - ненасытныя; ненасытныя і вочы чалавечыя.

21 Што плавільня - срэбру, горан - золату, тое чалавеку вусны, якія хваляць яго.

22 Таўчы неразумнага ў ступе таўкачом разам зь зернем, не адлушчыцца ад яго глупства ягонае.

23 Добра сачы за быдлам тваім, май клопат за статкі;

24 бо багацьце не навекі, ды і ўлада іхняя хіба з роду ў род?

25 Рунее трава, і зьяўляецца зеляніна, і зьбіраюць горныя травы.

26 Авечкі - на вопратку табе, і казлы - на закуп поля.

27 І годзе казінага малака на ежу табе, на ежу хатнім тваім і на спажытак служанкам тваім.

Выслоўі 28

1 Бязбожнік бяжыць, калі ніхто ня гоніцца за ім; а праведнік адважны, як леў.

2 Калі краіна адступіцца ад закона, тады многа ў ёй начальнікаў; а пры разумным і ўсяведным мужы яна даўгавечная.

3 Чалавек бедны і прыгнятальнік слабых тое самае, што праліўны дождж, які змывае хлеб.

4 Адступнікі ад закона хваляць бязбожных, а тыя, што трымаюцца закона, абураюцца імі.

5 Злыя людзі не разумеюць справядлівасьці, а шукальнікі Госпада разумеюць усё.

6 Лепш бедны, які ходзіць у сваёй беззаганнасьці, чым той, хто выкручвае шляхі свае, хоць ён і багаты.

7 Хто захоўвае закон - сын разумны, а хто водзіцца з марнатраўцамі, той уводзіць у сорам бацьку свайго.

8 Хто памнажае маёмасьць сваю ростам і ліхвою, той зьбірае яе дабрачынцам бедных.

9 Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва - мярзота.

10 Хто зводзіць праведных на дарогу зла, сам упадзе ў сваю яму; а беззаганныя спадкуюць дабро.

11 Чалавек багаты - мудрэц у вачах сваіх, але разумны бядняк бачыць яго наскрозь.

12 Калі трыумфуюць праведнікі, вялікая слава; але калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца.

13 Той, хто хавае свае злачынствы, ня будзе мець посьпеху; а хто прызнаецца і пакідае іх, той будзе памілаваны.

14 Шчасны чалавек, які заўсёды ў страху Божым; а хто робіць жорсткім сэрца сваё, той трапляе ў бяду.

15 Як рыклівы леў і галодны мядзьведзь, так бязбожны валадар над бедным народам.

16 Неразумны валадар шмат чыніць крыўды; а той, які ненавідзіць карысьлівасьць, падоўжыць дні.

17 Чалавек вінаваты ў крыві чалавечай, будзе ўцякаць да сьмерці, каб хто не схапіў яго.

18 Хто ходзіць беззаганна, той будзе ўратаваны; а хто ходзіць крывымі дарогамі, упадзе на адной зь іх.

19 Хто ўрабляе зямлю сваю, той будзе есьці хлеб; а хто пераймае гультаёў, таго накорміць галеча.

20 Верны чалавек багаты на дабраславеньні; а хто сьпяшаецца разбагацець, той не застанецца без пакараньня.

21 Зважаць на асобы - нядобра; такі чалавек і за кавалак хлеба зробіць крыўду.

22 Сьпяшаецца да багацьця зайздросьлівы чалавек, і ня думае, што галеча спасьцігне яго.

23 Хто дакарае чалавека, знойдзе большую прыязнасьць, чым той, хто лісьлівіць языком.

24 Хто абкрадвае бацьку свайго і маці сваю і кажа: "гэта ня грэх", той - саўдзельнік грабежнікаў.

25 Пыхлівец распальвае свару, а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў дабрадзенстве.

26 Хто спадзяецца на сябе, той неразумны; а хто ходзіць у мудрасьці, той будзе цэлы.

27 Хто дае жабраку, не зьбяднее; а хто засланяе вочы ад яго, на тым шмат праклёнаў.

28 Калі ўзвышаюцца бязбожныя, людзі хаваюцца; а калі яны падаюць, множацца праведнікі.

Выслоўі 29

1 Чалавек, які насуперак засьцярогам робіцца ўпарты, будзе раптам зламаны, і ня будзе яму дапамогі.

2 Калі множацца праведнікі, весяліцца народ; а калі пануе бязбожнік, стогне народ.

3 Чалавек, які любіць мудрасьць, радуе бацьку свайго; а які знаецца з распусьніцамі, той траціць маёмасьць.

4 Цар правасудзьдзем мацуе зямлю, а аматар хабару руйнуе яе.

5 Чалавек, які лісьлівіць сябру свайму, сьцеле сетку пад ногі яму.

6 У грэху ліхога чалавека - сетка яму, а праведнік весяліцца і радуецца.

7 Праведнік старанна дасьледуе цяжбіну бедных, а бязбожнік не разьбірае справы.

8 Людзі разбэшчаныя бунтуюць горад, а мудрыя суцішаюць мяцеж.

9 Разумны чалавек, калі судзіцца з чалавекам неразумным, ці злуецца, ці сьмяецца - ня мае спакою.

10 Крыважэрныя людзі ненавідзяць бязбожнага, а праведныя клапоцяцца за яго жыцьцё.

11 Неразумны ўвесь гнеў свой вылівае, а мудры стрымлівае яго.

12 Калі ўладар слухае ілжывыя прамовы, дык і ўсе служкі ў яго бязбожныя.

13 Бедны і ліхвяр сустракаюцца адзін з адным; але сьвятло вачам таго і другога дае Гасподзь.

14 Калі цар судзіць бедных па праўдзе, дык трон ягоны назаўсёды ўцьвердзіцца.

15 Дубец і засьцярога даюць мудрасьць; а занядбаны хлопчык робіць сорам сваёй маці.

16 Пры памнажэньні бязбожных множыцца беззаконьне; а праведнікі ўбачаць падзеньне іхняе.

17 Карай сына твайго, і ён дасьць табе спакой, і прынясе радасьць душы тваёй.

18 Няма адкрыцьця згары чалавеку разбэшчанаму, а хто жыве паводле закону - той шчасны.

19 Словамі не навучыш раба; бо, хоць ён і разумее іх, але ня слухаецца.

20 Ці бачыў ты чалавека неабачлівага ў словах сваіх? на неразумнага болей надзеі, чым на яго.

21 Калі змалку выхоўваць раба ў дастатку, дык і пазьней ён захоча быць сынам.

22 Чалавек гнеўлівы заводзіць свару, а запальчывы шмат грэшыць.

23 Ганарыстасьць чалавека прыніжае яго, а сьціплы духам здабывае гонар.

24 Хто дзеліцца са злодзеем, той ненавідзіць душу сваю; ён чуе праклён, але не абвяшчае пра тое.

25 Боязь перад людзьмі ставіць сетку; а хто спадзяецца на Госпада, будзе ў бясьпецы.

26 Многія шукаюць прыхільнага.

27 Мярзота праведнікам - чалавек няправедны, і мярзота бязбожнаму - той, хто ідзе простай дарогай.

Выслоўі 30

1 Слова Агура, сына Якеевага. Натхнёныя выслоўі, якія сказаў гэты чалавек Іфіілу, Іфіілу і Укалу:

2 сапраўды, я большы невук, чым хто-небудзь зь людзей, і розуму чалавечага няма ў мяне,

3 і не навучыўся я мудрасьці, і пазнаньня сьвятых ня маю.

4 Хто ўзыходзіў на неба і сыходзіў? хто сабраў вецер у прыгаршчы свае? хто завязаў ваду ў вопратку? хто вызначыў усе межы зямлі? якое імя ў яго? і якое імя ў сына яго? ці ведаеш?

5 Кожнае слова ў Бога чыстае; Ён - шчыт тым, хто на яго спадзяецца.

6 Не дадавай да словаў Ягоных, каб Ён ня выкрыў цябе як ашуканца.

7 Дзьве рэчы я прашу ў Цябе, не адмові мне, перш чым я памру:

8 марнасьць і лжу адвядзі ад мяне, галечы і багацьця не давай мне, кармі мяне хлебам надзённым,

9 каб, аб'еўшыся, я ня зрокся Цябе і не сказаў: "хто Гасподзь?" і каб, згалеўшы, не пачаў красьці і зьневажаць імя Бога майго.

10 Не кляні раба перад гаспадаром ягоным, каб ён не пракляў цябе і ты не застаўся вінаваты.

11 Ёсьць род, які праклінае бацьку свайго і не дабраслаўляе маці сваёй.

12 Ёсьць род, які чысты ў вачах сваіх, тым часам як не адмыты ад бруду свайго.

13 Ёсьць род - о, якія пыхлівыя вочы ў яго, і як паднятыя вейкі ў яго!

14 Ёсьць род, у якога зубы - мячы, і сківіцы - нажы, каб пажыраць бедных на зямлі і ўбогіх сярод людзей.

15 У ненаеднасьці дзьве дачкі: "давай, давай"! Вось тры ненаяды, і чатыры, якія ня скажуць: "даволі!"

16 Апраметная і нутроба бясплодная, зямля, якая не насычаецца вадою, і агонь, які ня кажа: "даволі!".

17 Вока, якое насьміхаецца з бацькі і пагарджае пакораю маці, выдзяўбуць крумкачы над ракою, і зжаруць птушаняты арліныя!

18 Тры рэчы неспасьцігальныя мне, і чатырох я не разумею:

19 шляхі арла на небе, шляхі зьмяі на скале, шляхі карабля сярод мора, і шляхі мужчыны да дзяўчыны.

20 Такі шлях і ў жонкі-пералюбніцы; паела і выцерла рот свой, і кажа: "я нічога благога не зрабіла".

21 Ад трох трасецца зямля, чатырох яна ня выносіць:

22 раба, калі ён робіцца царом; неразумнага, калі ён удосыць есьць хлеб;

23 ганебную жанчыну, калі яна выходзіць замуж, і служанку, калі зойме месца гаспадыні сваёй.

24 Вось чатыры малыя на зямлі; але яны мудрэйшыя за мудрых:

25 мурашкі - народ нядужы, але летам назапашваюць ежу сваю:

26 горныя мышы - народ слабы, але ставяць дамы свае на скале;

27 у саранчы няма цара, але выступае яна згуртавана;

28 павук лапамі чапляецца, але бывае ў царскіх харомах.

29 Вось трое маюць статную хаду, і чацьвёра статна выступаюць:

30 леў, асілак сярод зьвяроў, не саступіць ні перад кім;

31 конь, і казёл, і цар народу свайго.

32 Калі ты ў задавацтве тваім зрабіў глупства і падумаў ліхое, дык пакладзі руку на вусны;

33 бо, як ад зьбіваньня малака робіцца масла, ад ўдару ў нос цячэ кроў, так і ад абуджэньня гневу ўзьнікае свара.

Выслоўі 31

1 Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная:

2 што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх?

3 Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў.

4 Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям - сякеру,

5 каб, напіўшыся, яны не забылі закона і не перакруцілі суд усіх прыгнечаных.

6 Дайце сякеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою;

7 хай ён вып'е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту.

8 Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных.

9 Размыкай вусны свае дзеля правасудзьдзя і дзеля беднага і гаротнага.

10 Хто знойдзе дабрадзейную жонку? цана яе вышэй за жэмчуг.

11 Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не застанецца ён бяз прыбытку.

12 Яна аддае яму дабром, а ня злом, ва ўсе дні жыцьця свайго.

13 Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі.

14 Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб.

15 Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім.

16 Падумае пра поле, і купляе яго; ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік.

17 Апярэзвае сілаю сьцёгны свае і мацуе мышцы свае.

18 Яна адчувае, што занятак яе добры, і - сьветач яе ня тухне і ўначы.

19 Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно.

20 Далоню сваю яна растуляе беднаму, і руку сваю падае ўбогаму.

21 Не баіцца сьцюжы для сям'і сваёй, бо ўся сям'я яе апранута ў двайную адзежу.

22 Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура - вопратка яе.

23 Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі.

24 Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам Фінікійскім.

25 Моц і прыгажосьць яе - вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню.

26 Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе.

27 Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага.

28 Устаюць дзеці - і дагаджаюць ёй, - муж, і хваліць яе:

29 "шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх".

30 Мілавіднасьць падманлівая і прыгажосьць марная; а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.

31 Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе!