Песьня 1

1 Найвышэйшая песьня Саламонава.

2 Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.

3 Ад водару мазяў тваіх імя тваё - як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.

4 Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; - цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; - больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!

5 Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.

6 Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, - вінаграднікі вартаваць мне казалі, - свайго вінаградніка я не ўпільнавала.

7 Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?

8 Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.

9 З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.

10 Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;

11 зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.

12 Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.

13 Мне мой мілы - як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,

14 мне мой мілы - як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.

15 Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы - дзьве галубіцы!

16 Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш - зелень;

17 стрэхі дамоў нашых - кедры, столі іх - кіпарысы.

Песьня 2

1 Я - раўнінны нарцыс Саронскі, я - лілея з даліны!

2 Як лілея сярод бадзякоў - каханая сярод сябровак!

3 Як яблыня сярод лясных дрэў - каханы мой сярод хлопцаў. У шатах яе люблю я сядзець, і плады зь яе рот мне салодзяць.

4 Увёў ён мяне ў дом піру, нада мной яго сьцяг - каханьне!

5 Падмацуйце мяне віном, яблыкамі асьвяжэце мяне, бо я зьнемагла ад каханьня.

6 Яго левая - пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.

7 Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!

8 Голас каханага майго! вось, ён ідзе, скача па горах, перабягае па ўзгорках, -

9 мілы падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць у нас за сьцяною, заглядваючы ў акно, мільгаціць за рашоткай.

10 Каханы мой загаварыў да мяне: устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!

11 Вось, і зіма адышла; дождж перастаў, мінуўся;

12 кветкамі зацьвітае зямля, час песьняў птушыных настаў, і горлінка ў нашым краі засьпявала,

13 налівае смакоўніца пупышкі, вінаградныя лозы пахнуць у квецені. Устань, мая любасная, мая гожая выйдзі!

14 Горлінка ў горнай цясьніне, пад паветкаю скалаў! Пакажы мне свой тварык, дай мне пачуць твой галасок; бо твой голас - салодкі, бо мне тварык твой вабны!

15 Лавіце нам лісянятак і лісак лавіце, што мне вінаграднік марнуюць; а вінаграднікі ж нашыя ў цьвеце!

16 Каханы аддадзены мне, я - яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.

17 Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, пасьпяшайся назад, як сарна, мой мілы, ці як алень малады на вышынях Бэтэр.

Песьня 3

1 Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла.

2 Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла.

3 Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: "Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?"

4 Толькі я іх мінула, як знайшла, каго сэрцам кахаю; прывяла яго ў дом сваёй маці, у сьвяцёлку роднае маці сваёй.

5 Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!

6 Хто там выходзіць з пустэльні, нібыта слуп дыму, хто там акураны мірай, пахошчамі і фіміямамі ўсякімі?

7 Вось Саламонаў ложак: шасьцьдзясят мужчын навокал яго, дужых мужоў Ізраільскіх.

8 І кожны мечам аперазаны, кожны навучаны біцца; у кожнага меч пры баку дзеля страху начнога.

9 Паланкін зрабіў сабе цар з дрэваў Ліванскіх,

10 слупцы ў ім зрабіў са срэбра, більцы з золата, а з пурпуры падушка; а ўсярэдзіне ўслалі любоўна Ерусалімскія дочкі.

11 Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага.

Песьня 4

1 Якая прыгожая ты, каханая, прыгожая ты! Вочы твае - галубіцы пад кудзеркамі тваімі; твае валасы - нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх,

2 твае зубы - як стрыжаныя авечкі, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай;

3 як чырвоная стужка - губы твае, і любасныя твае вусны; як палавінкі граната - шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі;

4 як Давідава вежа - шыя твая, узьнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, - а ўсе шчыты - дужых.

5 Грудзі твае - як двайняткі юнае сарны, пасуцца яны між лілеямі.

6 Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, я ўзыду на пагорак міравы, на гару фіміямную.

7 Уся ты прыгожая, любасьць мая, і няма на табе заганы!

8 Са мною зь Лівана, нявеста, са мною зь Лівана прыйдзі! Зірні зь вяршыні Аманы, зь вяршыні Сэніра, з Хэрмона, ад ільвіных пячораў і з барсавых гор!

9 Паланіла ты сэрца маё, сястрыца, нявеста, паланіла ж ты сэрца маё адным паглядам вачэй, пацеркамі аднымі на шыйцы тваёй.

10 Якія пяшчотныя ласкі твае, сястрыца, нявеста, о, як намнога ласкі твае лепшыя за віно, і водар мазяў тваіх лепшы за ўсе бальзамы!

11 Сотавы мёд цякучы - губы твае, нявеста, мёд, малако пад тваім языком, і водар адзежы тваёй, як духмянасьць Лівана.

12 Зачынены сад, сястрыца, нявеста, зачынены сад, запячатаная крыніца:

13 зарасьнікі твае - гранатавы гай з сакавітымі пладамі, кіперы з нардамі,

14 нард і шафран, аер і карынка, расьліны духмяныя, міра, альяс і найлепшы бальсан;

15 калодзеж садоў - крыніца з жывою вадою, і крыніцы зь Лівана!

16 Паўстань, паўстань, вецер сіберны, прыйдзі вецер з поўдня, падзьмі, вецер, на сад мой, хай разьліецца водар яго! - Хай увойдзе мой любасны ў сад свой, хай скаштуе пладоў сакавітых.

Песьня 5

1 Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!

2 Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: "Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая - абрасілася, мае кучары - ў начной вільгаці".

3 Я хітон свой зьняла - як жа зноў надзяваць мне яго?

4 Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.

5 Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзвярах.

6 Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала - ён не азваўся.

7 Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.

8 Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.

9 Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?

10 Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.

11 Галава ў яго - чыстае золата; яго кучары - гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,

12 вочы ў яго - галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,

13 шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго - лілеі, зь якіх цячэ міра;

14 рукі ў яго - жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго - як выява з слановае косьці, абкладзеная сапфірамі,

15 ногі ў яго - слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы - Ліван, велічны, нібыта кедры.

16 Вусны ў яго - гэта слодыч, і ўвесь ён - уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!

Песьня 6

1 Куды ж ён пайшоў, твой каханы, жанчына, краса, прыгажуня? Куды ж ухіліўся твой любы, - пашукаем яго з табою!

2 Мой каханы ў сад твой спусьціўся, да градак духмяных, каб пасьвіць у садзе і лілеі зьбіраць.

3 Адданы мой любы мне, а я - яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.

4 Прыгожая ты, каханая, нібы Тырца, харошая, як Ерусалім, грозная, нібы полк са сьцягамі!

5 Адвядзі ад мяне свае вочы, бо яны хвалююць мяне.

6 Твае валасы - нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх; твае зубы - як статак авечак, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай,

7 як палавінкі граната, шчочкі твае - пад кудзеркамі тваімі.

8 Ёсьць шэсьцьдзясят царыц і восемдзесят наложніц і безьліч - дзяўчат;

9 ды адна яна, беспахібная, чыстая горлінка; адна яна - дачка ясная ў мацеркі роднай - пагначана ласкаю маці. Убачылі гэта сяброўкі і пахвалілі яе, царыцы і наложніцы - і пахвалілі яе.

10 Хто гэта ўзыходзіць, быццам зара, прыгожая, быццам месячык, ясная, нібы сонейка, грозная, нібы полк са сьцягамі?

11 Я спусьціўся ў арэхавы сад паглядзець на ўсходы ў даліне, паглядзець, ці лаза зелянее, гранаты ці зацьвілі?

12 Ня ведаю, як душа мая вабіла вяльможаў з народу майго.

Песьня 7

1 Азірніся назад, Шуламянка, азірніся назад - дай сябе ўбачыць! Што вам дзівіцца на Шуламянку, як на карагод Манаімскі?

2 Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка знакамітая! Выгін клубоў тваіх, як абруч, што майстар зрабіў;

3 твой пупок - нібы круглая чара па беражок з пахучым віном; твой жывот - гэта горка пшаніцы сярод лілеяў чароўных;

4 твае грудзі - два казьляняткі, блізьняткі сарны;

5 твая шыя - вежа з слановае косьці; твае вочы - Эсэвонскія сажалкі каля брамы Бат-рабім; твой нос - як Ліванская вежа на дазоры насупраць Дамаска;

6 твая галава - як гара Карміл, і пасмачкі валасоў - як пурпура; цар паланёны кучарамі тваімі.

7 Якая прыгожая ты, якая панадная, каханка, тваёю вабнасьцю!

8 Гэты стан твой падобны да пальмы, і грудзі - да вінаградных гронак.

9 Я падумаў: залезу на пальму, я ўхаплюся за вецьце яе - хай будуць грудзі твае замест гронак лазы, і дыханьне тваё будзе - як яблыкі;

10 і вусны твае - як віно залатое! Цячэ яно ў рот каханаму, асалоджвае вусны стомленым.

11 Належу я міламу другу, і мяне ён жадае.

12 Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках;

13 выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю.

14 Мандрагоры пахнуць духмяна, ля варот нашых многа пладоў: сёлетніх і даўнейшых назапасіла я табе, каханы.

Песьня 8

1 О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, - сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы.

2 Прывяла б я цябе з сабою ў дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў!

3 Яго левая - пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.

4 Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама.

5 Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная.

6 Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць - моцнае; рэўнасьць, як пекла - лютая; стрэлы яго - стрэлы вогненныя; яно - полымя непагаснае.

7 Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў, іх адхілілі б з пагардай.

8 Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе?

9 А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма - мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі. Я - сьцяна, і грудзі мае - як вежы;

10 таму ён ува мне знойдзе апору.

11 Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам.

12 А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце - яго вартавым.

13 О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго.

14 Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах!