Якава 1

1 Якаў, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, дванаццаці родам, якія ў расьсеяньні, - радавацца!

2 Зь вялікай радасьцю прымайце, браты мае, калі ўпадаеце ў розныя выпрабаваньні,

3 ведаючы, што выпрабаваньне вашай веры робіцца цярплівасьцю,

4 а цярплівасьць павінна мець дасканалае дзеяньне, каб вы былі дасканалыя ва ўсёй паўнаце, бязь ніякай пахібы.

5 Калі ж каму-небудзь з вас не хапае мудрасьці, хай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў, - і дасца яму.

6 Але няхай просіць зь вераю, і зусім не сумняваецца, бо хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую гоніць і распырсквае вецер;

7 Хай не спадзяецца такі чалавек атрымаць што-небудзь ад Госпада.

8 Чалавек двудушны - ня цьвёрды на ўсіх шляхах сваіх.

9 Хай славіцца пакорлівы брат у высокасьці сваёй,

10 а багаты ў пакоры сваёй, бо ён мінецца, бы краска ў траве:

11 узыходзіць сонца, настае сьпёка, і высушвае траву, краска яе ападае, прападае хараство яе; так вяне і багаты ў шляхах сваіх.

12 Дабрашчасны чалавек, які вытрывае выпрабаваньне, бо пасьля выпрабаваньня ён атрымае вянок жыцьця, які паабяцаў Гасподзь тым, хто любіць Яго.

13 У выпрабаваньні ніхто хай ня кажа: "Бог мяне спакушае"; Бог бо не спакушаецца злом і сам не спакушае нікога,

14 а кожны спакушаецца, калі ваблены і наджаны сваім пажаданьнем;

15 а пажаданьне, зачаўшы, родзіць грэх, а ўчынены грэх родзіць сьмерць.

16 Не ашуквайце сябе, браты мае любасныя:

17 Усякае даньне добрае і ўсякі дар дасканалы зыходзіць згары, ад Айца сьвятла, у Якога няма перамены, ані ценю пераменнасьці.

18 Захацеўшы, спарадзіў Ён нас словам ісьціны, каб сталіся мы нейкім пачаткам Ягоных твораў.

19 Дык вось, браты мае любасныя, кожны чалавек няхай будзе борзды ў слуханьні, марудлівы ў словах, марудлівы ў гневе;

20 бо гнеў чалавечы ня творыць праўды Божай.

21 Таму, адклаўшы ўсялякую нячыстасьць і лішнюю злосьць, у пакоры прымеце пасеянае ў вас слова, якое можа ўратаваць вашы душы.

22 Будзьце ж выканаўцы слова, а не слухачы толькі, што ашукваюць самі сябе.

23 Бо хто слухае слова і ня выконвае, той падобны да чалавека, які разглядвае прыродныя рысы аблічча свайго ў люстры:

24 ён паглядзеў на сябе, адышоўся - і адразу забыўся, які ён ёсьць.

25 А хто пранікне ў закон дасканалы, закон свабоды, і застанецца ў ім, той, ня будучы слухачом забыўлівым, а выканаўцам дзеі, дабрашчасны будзе ў сваім дзеяньні.

26 Калі ж хто з вас думае, што ён пабожны, і не таймуе свайго языка, а ашуквае сваё сэрца, у таго пустая пабожнасьць.

27 Чыстая і беспахібная пабожнасьць перад Богам і Айцом ёсьць тое, каб дагледзець сірот і ўдоваў у іхніх скрухах і захоўваць сябе неапаганенага сьветам.

Якава 2

1 Браты мае! майце веру ў Ісуса Хрыста, нашага Госпада славы, бяз увагі на асобы.

2 Бо калі на сход ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у багатым убраньні, увойдзе і бедны ў гаротнай адзежы,

3 і вы глянеце на таго, хто ў багатым убраньні, і скажаце яму: табе трэба сесьці тут, а беднаму скажаце: ты стань там, альбо: сядзь тут, каля ног маіх,

4 дык ці ня робіце розьніцы між сабою і ці ня робіцеся вы зламыснымі судзьдзямі?

5 Паслухайце, браты мае любасныя: ці ж ня бедных сьвету выбраў Бог быць багатымі вераю і спадчыньнікамі Царства, якое Ён абяцаў тым, хто любіць Яго?

6 а вы пагрэбавалі бедным. Ці не багатыя ўціскаюць вас, і ці ж не яны цягнуць вас у суды?

7 Ці не яны няславяць добрае імя, якім вы называецеся?

8 Калі вы выконваеце закон царскі, паводле Пісаньня: палюбі блізкага твайго, як сябе самога, - добра робіце.

9 Але калі робіце з аглядкаю на асобы, дык грэх чыніце, і перад законам вы злачынцы.

10 Хто выконвае ўвесь закон і згрэшыць у чым-небудзь адным, той робіцца вінаватым ва ўсім.

11 Бо Той, Хто сказаў: не распусьнічай, сказаў і: не забі; таму, калі ты не распусьнічаеш, але заб'еш, дык ты таксама адступнік ад закона.

12 Так гаварэце і так рабеце, як тыя, што маюць быць суджаныя згодна з законам свабоды.

13 Бо суд ня мецьме літасьці да таго, хто не літасьцівы; літасьць узьнесена над судом.

14 Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што ён мае веру, а дзеяў ня мае? Ці можа гэтая вера ўратаваць яго?

15 Калі брат альбо сястра безадзежныя і ня маюць на дзень пражытку,

16 а хто-небудзь з вас скажа ім: ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся, але ня дасьць ім патрэбнага целу: якая карысьць?

17 Гэтак і вера, калі ня мае дзеяў, мёртвая сама ў сабе.

18 А скажа хто-небудзь: ты маеш веру, а я маю дзеі: пакажы мне веру тваю бязь дзеяў тваіх, а я пакажу табе веру маю празь дзеі мае.

19 Ты верыш, што Бог адзіны: слушна робіш; і дэманы вераць, і трымцяць.

20 Але ці хочаш ведаць, марны чалавеча, што вера бязь дзеяў мёртвая?

21 Ці ж ня дзеямі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, паклаўшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго?

22 Ці бачыш, што вера спрыяла дзеям ягоным, і дзеямі вера дасягнула дасканаласьці.

23 І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым.

24 Ці бачыце, што чалавек апраўдваецца дзеямі, а ня вераю толькі?

25 Гэтак сама і Рааў распусьніца ці ж ня дзеямі апраўдалася, прыняўшы выведнікаў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю?

26 Бо, як цела бяз духу мёртвае, так і вера бязь дзеяў мёртвая.

Якава 3

1 Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём.

2 бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела.

3 Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем.

4 Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік;

5 гэтак сама і язык - невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць;

6 і язык - вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены;

7 бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,

8 а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта - неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.

9 Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога.

10 З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць.

11 Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада?

12 Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду.

13 Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю.

14 Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду:

15 гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская;

16 бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое.

17 А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш - чыстая, потым - згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная.

18 А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру.

Якава 4

1 Адкуль у вас свары і раздоры? ці не адгэтуль, ад пажаданьняў вашых, што варагуюць у чэлесах вашых?

2 Хочаце - і ня маеце; забіваеце і зайздросьціце - і ня можаце дамагчыся; зводзіцеся і варагуеце - і ня маеце, бо ня просіце;

3 Просіце - і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя.

4 Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу.

5 Альбо вы думаеце, што дарэмна кажа Пісаньне: "да зайздры любіць дух, які жыве ў нас"?

6 Але тым большую дае мілату; таму і сказана: "Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату".

7 Дык вось, упакорцеся Богу; усупраціўцеся д'яблу, і ўцячэ ад вас;

8 да Бога наблізьцеся, і наблізіцца да вас; ачысьціце рукі, грэшнікі, папраўце сэрцы, двудушныя;

9 смуткуйце, плачце і галасеце: сьмех ваш няхай абернецца ў плач, а радасьць - у смутак.

10 Упакорцеся перад Госпадам, і ўзвысіць вас.

11 Не ліхаслоўце адзін аднаго, браты: хто ліхасловіць брата альбо судзіць брата свайго, той ліхасловіць і судзіць закон; а калі ты судзіш закон, дык ты не выканаўца закона, а судзьдзя.

12 Адзін Заканадаўца і Судзьдзя, Які можа і ўратаваць і загубіць: а ты хто, што судзіш іншага?

13 Цяпер паслухайце вы, што гаворыце: сёньня ці заўтра мы выправімся ў такі-а-такі горад і пражывём там адзін год, і будзем гандляваць і зарабляць;

14 вы, што ня ведаеце, што будзе заўтра: бо што такое жыцьцё ваша? пара, якая зьяўляецца на кароткі час, а потым зьнікае.

15 Замест таго, каб вам сказаць: як захоча Гасподзь і будзем жывыя, дык зробім тое ці іншае,

16 вы, у ганарыстасьці сваёй, славалюбнічаеце: усякае такое пустахвальства ёсьць зло.

17 Дык вось, хто ўмее рабіць дабро і ня робіць, на тым грэх.

Якава 5

1 Паслухайце вы, багатыя: плачце і галасеце над вашымі злыбедамі, якія на вас.

2 Багацьце ваша спрахла, і вопратку вашу патачыла моль.

3 Золата ваша і срэбра паржавела, і ржа іхняя засьведчыць супраць вас і зьесьць плоць вашу, як вагонь: вы назапасілі сабе скарб на астатнія дні.

4 Вось плата, якую вы затрымалі ў працаўнікоў, што жалі палеткі вашыя, лямантуе, і лямант жняцоў дайшоў да вуха Госпада Саваофа.

5 Вы раскашавалі на зямлі і асалодамі цешыліся; упасьвілі вашыя сэрцы, як бы на дзень заколу.

6 Вы засудзілі, забілі Праведніка: Ён не супрацівіўся вам.

7 Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівыя, да прышэсьця Гасподняга. Вось, араты чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго церпіць доўга, пакуль атрымае дождж раньні і позьні.

8 Доўгацярпеце і вы, умацуйце сэрцы вашыя, бо прышэсьце Гасподняе блізіцца.

9 Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не асудзілі вас: вось, Судзьдзя стаіць каля дзьвярэй.

10 Вазьмеце, браты мае, за прыклад ліхія пакуты і доўгацярпеньні продкаў, што прамаўлялі імем Гасподнім.

11 Вось, мы дагаджаем тым, што цярпелі. Вы чулі пра цярпеньні Ёва і бачылі канец ягоны ад Госпада, бо Гасподзь вельмі міласэрны і спагадлівы.

12 А найперш, браты мае, не прысягайце ні небам, ні зямлёю, ані якою іншаю кляцьбою; а хай будзе ў вас: так-так і не-не, каб вам не падупасьці асудзе.

13 Ці ліха пакутуе каторы з вас? хай моліцца. Ці вясёлы хто? хай сьпявае псальмы.

14 Ці занядужаў хто з вас? хай пакліча прасьвітэраў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Гасподняе,

15 і малітва веры ацаленьне дасьць хвораму, і падыме яго Гасподзь; і калі ён учыніў грахі, даруюцца яму.

16 Прызнавайцеся адзін аднаму ў правінах і малецеся адзін за аднаго, каб ачуняць: на многае здольная шчырая малітва праведніка.

17 Ільля быў чалавек падобны на вас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня падаў дождж на зямлю тры гады і шэсьць месяцаў;

18 і зноў памаліўся: і неба дало дождж, і зямля ўрадзіла плод свой.

19 Браты! калі хто з вас ухіліцца ад праўды, і наверне хто яго,

20 хай той ведае, што, хто грэшніка навярнуў з аблуднай дарогі ягонай, той уратуе душу ад сьмерці і пакрые мноства грахоў.