Першае Пятра 1

1 Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным

2 паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа, на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: мілата вам і мір хай памножацца!

3 Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых да жывое надзеі,

4 да спадчыны нятленнай, чыстай, неўвядальнай, захаванай на нябёсах вам,

5 сілаю Божаю празь веру ахаваным на ратаваньне, якое гатова адкрыцца ў апошні час.

6 З гэтага радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,

7 каб выпрабаваная вера вашая сталася каштоўнейшаю за пагібельнае, хоць і вагнём прабаванае золата, на пахвалу і гонар і славу пры зьяўленьні Ісуса Хрыста,

8 Якога, ня бачыўшы, любіце, і Якога, дагэтуль ня бачачы, але веруючы ў Яго, прымаеце з радасьцю нявымоўнаю і слаўнаю,

9 дасягаючы нарэшце вераю вашаю выратаваньня душ;

10 якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледаваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам мілату,

11 дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх;

12 ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам празь зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым зь нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы.

13 Таму, (любасныя), аперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, майце поўную надзею на падаваную вам мілату ў зьяўленьні Ісуса Хрыста.

14 Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым,

15 а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках;

16 бо напісана: "будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты".

17 І калі вы называеце Айцом Таго, Які бяз увагі на асобы судзіць кожнага паводле дзеяў, дык са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,

18 ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў,

19 а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці,

20 Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам,

21 якія ўверавалі празь Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых і даў Яму славу, каб вы мелі веру і надзею на Бога.

22 Паслушэнствам ісьціне праз Духа ачысьціўшы душы вашыя да некрывадушнага браталюбства, няспынна любеце адно аднаго ад чыстага сэрца,

23 як адроджаныя ня з тленнага насеньня, а ад нятленнага, ад слова Божага, жывога і нязбытнага давеку.

24 Бо ўсякая плоць - быццам трава, і ўсякая слава людзкая - быццам квет на траве, засохла трава - квет ейны апаў;

25 а слова Гасподняе вечна жыве. А гэта ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.

Першае Пятра 2

1 Дык вось, адклаўшы ўсякую злосьць і ўсякае падступства і крывадушнасьць і зайздрасьць і ўсякае ліхаслоўе,

2 быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбеце чыстае малако слова, каб ад яго ўзрасьлі вы дзеля выратаваньня;

3 бо вы паспыталі, які Гасподзь добры.

4 Прыступаючы да Яго, каменя жывога, людзьмі адкінутага, але Богам выбранага, каштоўнага,

5 і самі, як жывыя камяні, будуйце зь сябе дом духоўны, сьвятарства сьвятое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любасныя Богу празь Ісуса Хрыста.

6 Бо сказана ў Пісаньні: "вось, я кладу ў Сыёне камень кутні выбраны, каштоўны; і хто веруе ў Яго, не пасаромеецца".

7 Дык вось Ён вам, вернікам, - каштоўнасьць, а тым, хто ня веруе, "камень, які адкінулі будаўнікі, але які зрабіўся галавою вугла", "камень спатыканьня і камень спакусы",

8 на якім яны спатыкаюцца, не ўпакорваючыся слову, дзеля чаго яны і пакінуты.

9 Але вы - род выбраны, царскае сьвятарства, народ сьвяты, людзі набытыя, каб абвяшчаць дасканаласьць Таго, Хто выклікаў вас зь цемры ў цудоўнае Сваё сьвятло;

10 колісь не народ, а сёньня народ Божы; колісь непамілаваныя, а сёньня памілаваныя.

11 Любасныя, прашу вас! як прышэльцаў і вандроўнікаў, пазьбягаць цялесных пахацінстваў, што паўстаюць супроць душы,

12 і жыць дабрадзейна сярод язычнікаў, каб яны за тое, за што клянуць вас, як ліхадзеяў, пабачыўшы добрыя дзеі вашыя, уславілі Бога ў дзень адведзінаў.

13 Дык вось, упакорвайцеся ўсякаму людзкому начальству, дзеля Госпада: хай тое цару, як найвышэйшай уладзе,

14 хай тое намесьнікам, як ад яго пасыланым на пакараньне злачынцаў і на заахвочваньне дабрачынцаў, -

15 бо такая ёсьць воля Божая, каб мы, робячы дабро, замыкалі вусны невуцтву неразумных людзей, -

16 як вольныя, а ня як тыя, што карыстаюцца воляю, каб прыхаваць зло, а як рабы Божыя.

17 Усіх шануйце, братэрства любеце, Бога бойцеся, цара паважайце.

18 Слугі, - з поўным страхам скарайцеся гаспадарам, ня толькі добрым і лагодным, але і суровым.

19 Бо гэта спадобнае Богу, калі хто па сумленьні перад Богам, церпіць нягоды, пакутуючы несправядліва.

20 Бо якая хвала, што вы церпіце, калі вас б'юць за правіны? А калі, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта даспадобы Богу,

21 Бо вы на тое пакліканы; бо і Хрыстос пацярпеў за нас, пакінуўшы нам прыклад, каб мы ішлі сьлядамі Ягонымі:

22 "Ня ўчыніў Ён ніякага грэху, і ня было падступства ў вуснах Ягоных";

23 і калі Яго ліхасловілі, Ён не ліхасловіў наўзаем: пакутуючы, не пагражаў; а аддаваў гэта Судзьдзі Справядліваму;

24 Ён грахі нашыя Сам узьнёс Целам Сваім на дрэва, каб мы, адцураўшыся грахоў, жылі дзеля праўды: ранамі Ягонымі вы ацаліліся.

25 Бо вы былі як авечкі заблуджаныя без пастуха; але вярнуліся сёньня да Пастыра і Ахавальніка душ вашых.

Першае Пятра 3

1 Гэтак сама і вы, жанчыны, карэцеся сваім мужам, каб тыя зь іх, хто не скараецца слову, праз паводзіны жонак сваіх бяз слова здабываныя былі,

2 калі ўбачаць вашае чыстае, богабаязнае жыцьцё.

3 Хай будзе акрасаю вашай ня зьнешняе пляценьне валасоў, не залатыя ўборы альбо прыгажосьць у строях,

4 а чалавек шчырага сэрца ў нятленным харастве лагоднага і маўклівага духу, што каштоўна перад Богам.

5 Так калісьці і сьвятыя жанчыны, якія клалі надзею на Бога, аздаблялі сябе, скараючыся сваім мужам:

6 так Сарра скаралася Абрагаму, называючы яго спадаром; вы - дзеці ейныя, калі робіце дабро і не бянтэжыцеся ні ад якога страху.

7 Гэтак сама і вы, мужы, абыходзьцеся разумна з жонкамі, як з самым крохкім посудам, і рабеце ім гонар як супольным спадкаемніцам любадайнага жыцьця, каб ня было вам завады ў малітвах.

8 Нарэшце, будзьце ўсе аднамысныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя, шкадоблівыя, пакорнамудрыя;

9 не плацеце злом за зло, альбо кленічам за кленіч; наадварот, дабраслоўце, ведаючы, што вы на тое пакліканы, каб успадчыньніць дабраславеньне.

10 Бо хто любіць жыцьцё і хоча бачыць добрыя дні, той трымай язык свой ад зла і вусны свае ад ліхіх нагавораў,

11 ухіляйся ад зла і рабі дабро, шукай міру ды імкніся да яго;

12 бо вочы Госпада - да праведных, і вушы Ягоныя - да малітвы іхняе, а аблічча Гасподняе супроць ліхадзеяў, (каб вынішчыць іх зь зямлі).

13 І хто ўчыніць вам ліха, калі вы будзеце рупіцца пра дабро?

14 Але калі і церпіце за праўду, дык вы дабрашчасныя; а страху іх ня бойцеся і не бянтэжцеся.

15 Госпада Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых; будзьце заўсёды гатовыя кожнаму, хто ў вас папытае адказу за вашу надзею, адказаць лагодна і дабралюбна;

16 майце добрае сумленьне, каб гэтым, за што ліхасловяць вас як зладзеяў, былі пасаромлены ўсе, хто асуджае вашае добрае жыцьцё ў Хрысьце.

17 Бо, калі заўгодна волі Божай, лепш пацярпець за добрыя дзеі, чым за благія;

18 бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ажылы духам,

19 якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў;

20 яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыцца, восем душ, уратаваліся ад вады.

21 Так і нас сёньня падобнае гэтаму вобразу хрышчэньне, не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня, ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста,

22 Які, узышоўшы на неба, сядзіць праваруч Бога, і Якому ўпакорыліся анёлы і ўлады і сілы.

Першае Пятра 4

1 Дык вось, як Хрыстос пацярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю; бо хто пакутуе целам, той перастае грашыць,

2 каб рэшту часу ў целе ўжо жыць не паводле людзкіх пахацінстваў, а паводле волі Божай.

3 Бо досыць, што вы ў мінулым часе жыцьця чынілі волю язычніцкую, аддаючыся нечысьці, пажадзе (мужаложству, скаталожству, непатрэбным помыслам), п'янству, лішніцы ў ежы і пітве і недарэчнаму ідаласлужэньню;

4 таму яны і зьдзіўляюцца, што вы ня маеце ўдзелу зь імі ў той самай распусьце, і бэсьцяць вас;

5 яны дадуць адказ Таму, Хто неўзабаве мае судзіць жывых і мёртвых.

6 Бо на тое і мёртвым было зьвеставана, каб яны па-людзку целам суд прыняўшы, жылі пабожна духам.

7 Зрэшты, блізкі ўсяму канец. Дык вось будзьце ў добрым розуме і чувайце ў малітвах.

8 А найболей за ўсё майце шчырую любоў адно да аднаго, бо любоў пакрывае мноства грахоў;

9 будзьце гасьцінныя адно да аднаго без нарокаў;

10 служэце адно аднаму, кожны тым дарам, які атрымаў, як добрыя дойліды разнастайнай мілаты Божай.

11 Калі гаворыць хто, гавары як словы Божыя; ці калі служыць хто, служы сілаю, якую дае Бог, каб ва ўсім ўслаўляўся Бог празь Ісуса Хрыста, Якому слава і ўлада навекі вечныя. Амін.

12 Любасныя! вогненнай спакусы, што пасылаецца на выпрабаваньне вам, ня цурайцеся, быццам прыгоды вам чужой,

13 але як што вы маеце долю ў Хрыстовых цярпеньнях, радуйцеся, ды і ў зьяўленьні славы Ягонай узрадуецеся і ўзьвесялецеся.

14 Калі клянуць вас за імя Хрыстовае, дык вы дабрашчасныя, бо Дух славы, Дух Божы спачывае на вас: тыя ганяць Яго, а вы ўслаўляйце.

15 Толькі б не пацярпеў хто з вас як забойца, альбо злодзей, альбо як ліхадзей, альбо як захопнік чужога;

16 а калі як Хрысьціянін, дык не саромейся, а ўслаўляй Бога за такую долю.

17 Бо пара пачынацца суду з дома Божага; а калі найперш з нас пачнецца, дык які канец тым, хто не скараецца Дабравесьцю Божаму?

18 І калі праведнік ледзьве ратуецца, дык бязбожнік і грэшны дзе апынецца?

19 Дык вось, пакутнікі па волі Божай няхай аддадуць Яму, як праўдзіваму Садзецелю, душы свае, робячы дабро.

Першае Пятра 5

1 Пастыраў вашых умаўляю я, супастыр і сьведка цярпеньняў Хрыстовых і саўдзельнік у славе, якая павінна адкрыцца:

2 пасьвіце Божы статак, які ў вас, наглядайце за ім ня з прынукі, а з ахвоты і богаспадобна, ня дзеля гнюснай карысьлівасьці, а з руплівасьці,

3 і не пануючы над спадчынай Божай, а даючы прыклад статку, -

4 і калі зьявіцца Пастыраначальнік, вы атрымаеце неўвядальны вянок славы.

5 Таксама і малодшыя, карэцеся пастырам; а ўсе, скараючыся адно аднаму, набярэцеся пакорлівай мудрасьці, таму што Бог ганарыстым працівіцца, а пакорным дае мілату.

6 Дык вось упакорцеся пад моцнай рукою Божай, хай узьнясе вас у свой час;

7 усе клопаты вашыя ўскладзеце на Яго, бо Ён дбае пра вас.

8 Цьверазейце, чувайце, бо супраціўнік ваш д'ябал ходзіць, як рыклівы леў, шукаючы каго праглынуць;

9 стойце супроць яго цьвёрдаю вераю, ведаючы, што такія самыя цярпеньні выпадаюць і братам вашым у сьвеце.

10 А Бог усялякай мілаты, паклікаўшы нас у вечную славу Сваю ў Хрысьце Ісусе, Сам пасьля нядоўгага цяпреньня вашага, няхай удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непахіснымі.

11 Яму слава і ўлада навекі вечныя. Амін.

12 Гэта сьцісла напісаў я вам праз Сылуана, вернага, як думаю, вашага брата, каб упэўніць вас, суцяшаючы і сьведчачы, што гэта ў ісьціне мілата Божая, у якой вы стаіце.

13 Вітае вас выбраная, падобна вам, царква ў Вавілоне і Марк, сын мой.

14 Вітайце адно аднаго пацалункам любові. Мір вам усім у Хрысьце Ісусе. Амін.