Першае Да Цімафея 1

1 Павал, апостал Ісуса Хрыста, наказам Бога, Збаўцы нашага, і Госпада Ісуса Хрыста, надзеі нашае,

2 Цімафею, шчыраму сыну ў веры: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога, Айца нашага, і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3 Адыходзячы ў Македонію, я прасіў цябе застацца ў Эфэсе, і ўмаўляць некаторых, каб яны ня вучылі іншаму

4 і не займаліся байкамі і радаводамі бясконцымі, якія спараджаюць болей спрэчкі, чым Божае настаўленьне ў веры.

5 А мэта ўмаўленьня ёсьць любоў ад чыстага сэрца і добрага сумленьня і некрывадушнай веры,

6 адступіўшыся ад чаго, некаторыя ўхіліліся ў пустаслоўе,

7 хочучы быць настаўнікамі закона, але не разумеючы ні таго, пра што гавораць, ні таго, што сьцьвярджаюць.

8 А мы ведаем, што закон добры, калі хто законна карыстаецца ім,

9 ведаючы, што закон пакладзены ня праведніку, а беззаконным і непакорлівым, бязбожным і грэшным, распусным і апаганеным, паглумнікам бацькі і маці, душагубам,

10 блудадзеям, мужаложцам (чалавеказьдзірцам, паклёпнікам, скаталожцам), хлусам, крывапрысяжцам, і ўсяму, што супроць здаровага вучэньня,

11 згодна са слаўным Дабравесьцем дабрашчаснага Бога, якое мне даверана.

12 Дзякую Таму, Хто даў мне сілу, Хрысту Ісусу Госпаду нашаму, што Ён прызнаў мяне верным, прызначыўшы на служэньне,

13 мяне, які раней быў кляцьбіт і ганіцель і крыўдзіцель, але памілаваны, бо рабіў так ад няведаньня, у няверстве;

14 а мілата Госпада нашага (Ісуса Хрыста) выявілася ўва мне багата зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.

15 Слушнае і ўсякага прыняцьця вартае слова, што Хрыстос Ісус прыйшоў у сьвет уратаваць грэшнікаў, сярод якіх я першы.

16 Але на тое я і памілаваны, каб Ісус Хрыстос ува мне першым паказаў усю доўгую цярплівасьць, у прыклад тым, якія будуць верыць у Яго дзеля жыцьця вечнага.

17 А Цару жыцьця нятленнаму, нябачнаму, адзінаму мудраму Богу гонар і слава на векі вякоў. Амін.

18 Давяраю табе, сыне мой Цімафею, згодна з ранейшымі пра цябе прароцтвамі, такі наказ, каб ты змагаўся згодна зь імі як добры воін,

19 маючы веру і добрае сумленьне, адкінуўшы якое, некаторыя адпалі ад веры;

20 такія Іменей і Аляксандр, якіх я аддаў сатане, каб яны навучыліся ня блюзьнерыць.

Першае Да Цімафея 2

1 І вось, перш-наперш прашу ўзносіць малітвы, прашэньні, маленьні, падзякаваньні за ўсіх людзей,

2 за цароў і за ўсіх уладцаў, каб нам весьці жыцьцё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасьці і чысьціні;

3 бо гэта добра і даспадобы Збаўцу нашаму Богу,

4 Які хоча, каб усе людзі ўратаваліся і дасягнулі спазнаньня ісьціны.

5 Бо адзіны Бог, адзіны і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Чалавек Хрыстос Ісус,

6 Які аддаў Сябе на адкупленьне ўсіх: такое было ў свой час сьведчаньне,

7 дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам і апосталам - праўду кажу ў Хрысьце, не маню, - настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе.

8 І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумненьня;

9 каб гэтак сама і жанчыны, у прыстойнай вопратцы, сарамяжліва і цнатліва, упрыгожвалі сябе не заплятаньнем валасоў, ні золатам, ні жэмчугам, ні каляровымі строямі,

10 а добрымі справамі, як прыстойна жанчынам, што прысьвячаюць сябе пабожнасьці.

11 Жанчына хай вучыцца маўкліва, у вялікай пакоры;

12 а вучыць жанчыне не дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, а быць у маўклівасьці.

13 Бо раней створаны Адам, а потым Ева;

14 і не Адам зваблены, а жонка, звабіўшыся, пераступіла закон;

15 аднак жа ўратуецца празь дзетародства, калі застанецца ў веры і любові і ў сьвятасьці з цнотаю.

Першае Да Цімафея 3

1 Слушнае слова: калі хто япіскапства жадае, добрае справы жадае.

2 А япіскап павінен быць беззаганны, адной жонкі муж, цьвярозы, цнатлівы, богабаязны, сумленны, гасьцінны да вандроўнікаў, здатны вучыць,

3 ня п'яніца, не звадыяш, не сварлівец, не карысьлівец, а ціхі, згодалюбны, не срэбралюбец,

4 павінен добра кіраваць домам сваім, дзяцей трымаць у паслушэнстве з усёй сумленнасьцю;

5 бо хто ня ўмее кіраваць сваім домам, той ці ж будзе рупіцца пра Царкву Божую?

6 не павінен быць з нованавернутых, каб не заганарыўся і не падупаў асудзе разам з д'яблам.

7 Трэба яму таксама мець добрае сьведчаньне ад чужых, каб унікнуць нараканьняў і цянётаў д'ябальскіх.

8 Дыяканы таксама павінны быць сумленныя, ня двухязыкія, непацяглівыя да віна, не карысьлівыя,

9 павінны захоўваць таемнасьць веры ў чыстым сумленьні,

10 і такіх трэба загадзя выпрабоўваць, потым, калі беззаганныя, дапускаць да служэньня.

11 Гэтак сама і жонкі іхнія павінны быць сумленныя, не паклёпніцы, цьвярозыя, верныя ва ўсім.

12 Дыякан павінен быць адной жонкі мужам, добра кіраваць дзецьмі і домам сваім;

13 бо тыя, што служылі добра, рыхтуюць сабе найвышэйшую ступень і вялікую адвагу ў веры ў Хрыста Ісуса.

14 Гэта табе пішу, спадзяючыся неўзабаве прыйсьці да цябе,

15 каб, калі запазьнюся, ты ведаў, як трэба паводзіцца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і аснова ісьціны.

16 І, прызнана ўсімі - вялікая ёсьць пабожнасьці таямніца: Бог зьявіўся ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе анёлам, прапаведаны ў народах, прыняты вераю ў сьвеце, узьнёсься ў славе.

Першае Да Цімафея 4

1 Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх,

2 праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё,

3 якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю.

4 Бо кожнае стварэньне Божае - добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем,

5 бо асьвячаецца словам Божым і малітваю.

6 Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў.

7 А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці;

8 бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага.

9 Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае.

10 Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых.

11 Прапаведуй гэта і вучы.

12 Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні.

13 Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем.

14 Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства.

15 Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны.

16 Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх.

Першае Да Цімафея 5

1 Старца не дакарай, а ўмаўляй, як бацьку; малодшых, як братоў;

2 старых жанчын, як маці; маладых, як сёстраў, з поўнаю чысьцінёю.

3 Удоваў шануй, сапраўдных удоваў.

4 Калі ж якая ўдава мае дзяцей альбо ўнукаў, дык яны перш няхай вучацца шанаваць сваю сям'ю і аддзячвацца бацькам, бо гэта даспадобы Богу.

5 Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч;

6 а юрлівая раскошніца жывою памерла.

7 І гэта ўмаўляй ім, каб былі беззаганныя.

8 Калі ж хто пра сваіх і асабліва пра хатніх ня дбае, той выракся веры і горшы за нявернага.

9 Удава ж няхай выбіраецца ня менш як шасьцідзесяцігадовая, якая была жонкаю аднаго мужа,

10 вядомая добрымі ўчынкамі, калі яна выгадавала дзяцей, прымала гасьцінна дарожнікаў, умывала ногі сьвятым, пасабляла гаротнікам і была старанная ў кожнай добрай справе.

11 А маладых удоваў ня прымай, бо яны, калі ўпадаюць у раскошу насуперак Хрысту, хочуць замуж;

12 яны падпадаюць асуджэньню, бо адкінулі ранейшую веру;

13 пры тым жа яны, не працуючы, прызвычайваюцца хадзіць па дамах і бываюць ня толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і гавораць, чаго ня сьлед.

14 І вось, я хачу, каб маладыя ўдовы выходзілі замуж, радзілі дзяцей, кіравалі ў доме і не давалі праціўніку ніякае зачэпкі для ліхаслоўя:

15 бо некаторыя ўжо збочылі на сьлед сатаны.

16 Калі які веруючы альбо веруючая мае ўдоваў, дык павінен іх задавольваць і не накідваць Царкве, каб яна магла акормліваць сапраўдных удоваў.

17 Прасьвітэры, якія служаць годна, вартыя адмысловага гонару, асабліва тыя, якія працуюць у слове і ў навучаньні.

18 Бо Пісаньне кажа: "ня цугляй мызу валу, які малоціць"; і "хто працуе, той варты ўзнагароды сваёй".

19 Скаргу на прасьвітэра ня іначай прымай, як пры двух альбо трох сьведках.

20 Грэшнікаў выкрывай перад усімі, каб і астатнія страх мелі.

21 Перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі заклінаю цябе захаваць гэта зь бесстароннасьцю, нічога ня робячы з прадузятасьцю.

22 Рук ні на кога ня ўскладвай пасьпешліва, і не бяры ўдзелу ў чужых грахах; трымай сябе чыстым.

23 У далейшым пі ня толькі ваду, а спажывай крыху віна, дзеля страўніка твайго і частых тваіх немачаў.

24 Грахі некаторых людзей яўныя і проста вядуць да асуды, а ў некаторых выяўляюцца пазьней.

25 Гэтак сама і добрыя ўчынкі яўныя; а калі і не, схавацца ня могуць.

Першае Да Цімафея 6

1 Рабы, якія пад ярмом жывуць, павінны ганараваць гаспадароў сваіх як годных усялякае пашаны, каб ня было наганы імю Божаму і вучэньню.

2 Тыя, якія маюць гаспадарамі веруючых, не павінны абыходзіцца зь імі нядбайна, бо яны браты; але тым болей павінны служыць ім, бо яны веруючыя і любасныя і дабрачыняць ім. Вучы гэтаму і ўмаўляй.

3 Хто навучае інакш і ня сьледуе здаровым словам Госпада нашага Ісуса Хрыста і вучэньню пра пабожнасьць,

4 той - гардзей і няўмека, захапіўся выпярэдніцтвам і словаблудзьдзем, ад чаго паходзяць зайздрасьць, разлад, намовы, хітрае недавярства,

5 пустыя спрэчкі паміж людзьмі папсаванага розуму, што занядбалі ісьціну, якія думаюць, быццам пабожнасьць служыць прыбытку. Трымайся далей ад такіх.

6 Вялікі набытак - быць пабожным і задаволеным.

7 Бо мы нічога ня прынесьлі ў сьвет; ясна, што нічога ня можам і вынесьці зь яго.

8 Маючы наедак і вопратку, будзем задаволеныя гэтым.

9 А ахвотнікі ўзбагачацца ўпадаюць у спакусу і ў нерат і ў многія безразважныя і шкодныя пажадлівасьці, якія ўкідаюць чалавека ў паглум і пагібель;

10 бо корань усякага ліха ёсьць срэбралюбства, аддаўшыся якому, некаторыя ўхіліліся ад веры і самі на сябе наклікалі многія смуткі.

11 А ты, чалавеча Божы, пазьбягай гэтага, і шчасьліўся ў праўдзе, пабожнасьці, веры, любові, цярплівасьці, слухмянасьці;

12 пасабляй добрым подзьвігам веры, трымайся вечнага жыцьця, да якога ты і пакліканы і вызнаў добрую споведзь перад многімі сьведкамі.

13 Перад Богам жыцьцядайным і перад Хрыстом Ісусам, Які засьведчыў перад Понціем Пілатам добрае вызнаньне, наказваю табе

14 захаваць запаведзь чыста і бездакорна аж да прышэсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста,

15 якое ў свой час адчыніць дабрашчасны і адзіны моцны Цар над царамі і Гасподзь над гаспадарамі,

16 адзіны несьмяротны, Які жыве ў недаступным сьвятле, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа. Яму гонар і ўлада вечная! Амін.

17 Багатых у сёньняшнім веку ўмаўляй, каб яны высока не заносіліся і спадзяваліся не на багацьце няправеднае, а на Бога жывога, Які дае нам усё шчодра на асалоды;

18 каб яны дабрачынілі, заможнелі добрымі дзеямі, былі шчодрыя і дзяліліся,

19 зьбіраючы сабе скарб, добрую аснову на час наступны, каб дасягнуць вечнага жыцьця.

20 О Цімафею! захавай даверанае табе, цураючыся марнага пустаслоўя і супярэчак, што фальшыва названы ведамі,

21 аддаўшыся якім, некаторыя ўхіліліся ад веры. Мілата з табою. Амін.